Паралельна з вакцынацыяй ад COVID-19 на Дзятлаўшчыне праходзіць прышчэпкавая кампанія супраць грыпу.

Сёння да яе далучыліся супрацоўнікі Дзятлаўскага райвыканкама.

Прышчапіцца ад сезоннага захворвання выказалі жаданне больш за 10 чалавек. Некаторыя з іх праходзяць працэдуру вакцынацыі не першы год, іншыя сёлета атрымалі першы вопыт.

Аляксандр Андруцэвіч:

– Раблю прышчэпку ад грыпу кожны год ужо на працягу дзесяцігоддзя. Лічу яе эфектыўным метадам барацьбы з сезоннымі захворваннямі. У гэтым годзе летам я прышчапіўся ад каранавірусу, а цяпер – ад грыпу. Са свайго вопыту ведаю, што ўскладненняў для здароўя такая працэдура не нясе, а, наадварот, дапамагае выпрацаваць устойлівы імунітэт.

Вераніка Чапукойць:

– У мінулым годзе я ўпершыню паспрабавала прышчапіцца ад грыпу. Цэлы год не хварэла. Таму давяраю вакцынацыі як спосабу папярэдзіць захворванне. Акрамя таго, ад каранавірусу прышчаплялася сама і мае блізкія: перасцярога лішняй не бывае.

Васіль Пяцюк:

– Раней я не меў справы з прышчэпкамі ад вірусных захворванняў. Сёлета прышчапіўся ад COVID-19, а цяпер упершыню – ад грыпу. Жаданне зрабіць прышчэпку з’явілася, бо да гэтага штогод шмат хварэў на прастуду. Спадзяюся, сёлета сітуацыя зменіцца дзякуючы вакцынацыі.

Прышчэпкавая кампанія прадаўжаецца, і вакцынавацца ад грыпу можа кожны, звярнуўшыся ў райпаліклініку. Заўважым, што абараніць сябе ад захворвання з дапамогай прышчэпкі могуць як дарослыя, так і дзеці.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации