Паводле аператыўнай інфармацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, па стане на 8 кастрычніка сельскагаспадарчымі арганізацыямі раёна ўбраны 61 % плошчаў бульбы.

Усяго выкапана 4482 тоны карняплодаў, сярэдняя ўраджайнасць па раёне складае 273 цэнтнеры з гектара.

Усяго па раёне бульбяныя палеткі размясціліся ў чатырох сельгаспрадпрыемствах раёна, агульная плошча пасадак складае 270 гектараў.

Сярэдняя ўраджайнасць цукровых буракоў па раёне складае 457 цэнтнераў з гектара. Па стане на 8 кастрычніка ўраджай сабраны з плошчы 596 гектараў, што складае 57 працэнтаў ад запланаванага.

Паралельна на палетках сельгасарганізацый раёна вядуцца работы па ўборцы ўраджаю кукурузы, нарыхтоўцы кармоў, працягваюцца работы па сяўбе азімых культур.

Сонечным кастрычніцкім днём актыўна кіпела работа на палетках КСУП “Дварэц-Агра”. Як паведаміў галоўны аграном  гаспадаркі Сяргей Лабар, тут пасаджана бульба сартоў “Скарб”, “Брыз”, “Янка”. Агульная плошча пасадкі складае 50 гектараў. Сёлета найбольш прадуктыўным паказала сябе суперэлітнае насенне бульбы сорту “Брыз”, ураджайнасць якой складае 355 цэнтнераў з гектара.

Па стане на 8 кастрычніка ўраджай бульбы ў гаспадарцы сабраны з плошчы 38 гектараў, выкапана 1080 тон бульбы, сярэдняя ўраджайнасць па гаспадарцы складае 285 цэнтнераў з гектара.

На ўборачных работах задзейнічаны бульбаўборачны камбайн, на адвозцы ўраджаю бульбы працуюць МАЗ -555 147 і ГАЗ-53.

Рэалізацыя ўраджаю бульбы ідзе пераважна на Боркаўскі крухмальны завод, акрамя гэтага, наладжаны збыт прадукцыі ў  Расію і Украіну. Для патрэб насельніцтва рэалізоўваць бульбу  плануецца на раённых гандлёвых кірмашах.

У час уборачнай кампаніі значную дапамогу на пераборцы бульбы сельгаспрадпрыемству аказваюць студатрадаўцы, работнікі Дварэцкай сярэдняй школы, Дзятлаўскага сыраробнага завода, пенсіянеры, а таксама самі работнікі КСУП “Дварэц-Агра”.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ

Похожие публикации