Для паспяховай адаптацыі, прафесійнага росту і замацавання маладых спецыялістаў, якія прыбылі на першае працоўнае месца па размеркаванні, на Дзятлаўшчыне ладзяцца сустрэчы моладзі з кіраўніцтвам, прафсаюзным актывам арганізацый-наймальнікаў, лідарамі грамадскіх аб’яднанняў.

19 жніўня ў Новаяльнянскай сярэдняй школе імя А. А. Шаўчук мерапрыемства з сімвалічнай назвай “Упэўнены крок у будучыню” сабрала два дзясяткі маладых настаўнікаў, якія сёлета папоўнілі педагагічную “сям’ю” раёна. Яно прайшло ў фармаце дыялогу.




Прысутных павітала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская. Расказала аб адукацыйнай прасторы Дзятлаўшчыны і ўласным шляху, пройдзеным у педагагічнай прафесіі, які прывёў на кіруючую пасаду. Марына Яўгеньеўна акцэнтавала ўвагу моладзі на тым, што і ў іх ёсць унікальная магчымасць выкарыстаць атрыманыя веды на практыцы, вырашаючы задачы сістэмы адукацыі нашага раёна, рэспублікі ў цэлым, быць паспяховымі і шчаслівымі ў сваім выбары. Спыніўшыся на замацаванні маладых педагагічных кадраў, начальнік патлумачыла, што адміністрацыя аддзела адукацыі нацэлена не на тое, каб прымусіць маладых спецыялістаў застацца, а імкнецца дапамагчы ім палюбіць прафесію, якую выбралі свядома. Лічбы сведчаць, што гэта правільны падыход, бо калі ў 2022 годзе працэнт замацавання настаўнікаў у раёне складаў 24 %, то сёння гэта 64,7 %. Паралельна перад наймальнікамі стаіць задача – дапамагчы маладым спецыялістам атрымаць арэнднае жыллё ці наняць кватэру, за якую паводле заканадаўства прадугледжана даплата-кампенсацыя. Марына Лашкоўская пажадала пачынаючым работнікам любіць дзяцей, бачыць іх здольнасці і дапамагаць раскрывацца талентам. Першыя крокі заўжды самыя складаныя, аднак за кожным маладым чалавекам будуць замацаваныя вопытныя настаўнікі, побач будзе калектыў, яны падкажуць і падтрымаюць, паспрыяюць прафесійнаму росту. Кіраўнік пажадала прысутным, каб у далейшым іх заслужанай узнагародай стала любоў і павага вучняў.






Аб працоўных гарантыях для маладых спецыялістаў расказала намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Таццяна Умоўская.


Якія арганізацыйна-метадычныя ўмовы сёння створаны для прафесійнага станаўлення патлумачыла метадыст раённага метадычнага кабінета Алена Жадзейка. Акцэнтавала ўвагу на тым, што на працягу двух гадоў прысутных чакаюць заняткі ў школе маладога педагога па кірунках: класны кіраўнік, настаўнік, выхавальнік, яшчэ ў раёне функцыянуе кансультацыйны пункт, дзе акажуць вопытную падтрымку, практыкуюцца тыдні педагагічнага майстэрства, ёсць магчымасць удзелу ў абласных педкурсах.

Педагог-псіхолаг сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава Алена Франюк правяла псіхалагічны інтэрактыў “Матывацыйны кактэйль”, арганізавала моладзь на прадстаўленне візітовак-самапрэзентацый “Мой шлях у прафесію” і правяла бліц-апытанне “Настаўнік. Хто ён?”. У час работы пачынаючыя педагогі адшуквалі свае моцныя і слабыя пазіцыі, знаёміліся, заручаліся падтрымкай старэйшых калег.














Наказ пачынаючым педагогам, як цікава і правільна напісаць першыя главы прафесійнай кнігі дала настаўніца Хвінявіцкай сярэдняй школы Ангеліна Кароль. Расказала, як для яе самой школа стала домам, дзе можна ажыццяўляць мары, падзялілася вопытам удзелу ў конкурсах прафмайстэрства, раскрыла асабістую скарбонку ўзнагарод, падзякавала кіраўніцтву аддзела адукацыі і старэйшым калегам за неацэнны вопыт, пажадала ўсім, хто “на старце” – вучыць і заўжды вучыцца самім, абавязкова стаць тымі, у каго будуць верыць і за кім будуць ісці дзеці.




Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае