У рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь”, прымеркаванага да 75- годдзя Гродзенскай вобласці і Года малой радзімы, сектар  пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці праводзіць культурна- пазнавальную экспедыцыю пад назвай  “Па сакрэты даўгалецця”.

Да пошуку гэтых сакрэтаў далучыліся і карэспандэнты раённай газеты.

Сёння наш шлях – у вёску Накрышкі. Там жыве Валянціна Ігнатаўна Башко, якой сёлета споўнілася 95 гадоў.

Дом Башко – непадалёку ад царквы, праз тры хаты.  Можа таму боская ласка сыходзіць і на гэтае жытло, на яе насельнікаў – дае даўгалецце?

– Часта там бываеце? – цікаўлюся ў жанчын, а гэта і сама юбілярка, і яе дачка Надзея Міхайлаўна Башко.

– А як жа! – кажуць жанчыны. – Просім божай дапамогі, здароўя.

Некалі Валянціна Ігнатаўна, прыгадвае яе дачка, нават была касірам у царкве.

Валянціне Ігнатаўне  – 95,  дачцэ – 70, таксама жанчына сталага веку. Да таго ж – у 22 гады стала інвалідам: хвароба і няўдалая аперацыя перакрэслілі ўсе мары і матулі, і дачкі. Ды не толькі на вучобу, а і на замужжа, на  дзяцей, унукаў.

Але матуля з дачкой  і ў тры рабочыя рукі ўпраўляюцца па гаспадарцы.

– Мама і бульбы начысціць, і страву прыгатуе.  Яна ж доўга працавала поварам, карміла дзяцей, якія жылі ў школьным інтэрнаце. А колькі пашыла новых убораў! Нідзе не вучылася, а да ўсяго мела здольнасці. Цяпер, праўда, ужо і зрок не той, і ногі не тыя.

Дзень у гэтай хаце пачынаецца а восьмай гадзіне, летам – раней. Напоўнены ён рознымі клопатамі: і важкімі, і нязначнымі. А з вялікай работай спраўляюцца чужыя людзі, якіх даводзіцца часам наймаць у дапамогу.

 

Хлявы, дзе некалі стаялі карова, свінні, куры, цяпер пустуюць. На гаспадарку  ўжо сіл не хапае. Але жанчыны саджаюць крыху бульбы, робяць грады.

Сумуе  Валянціна Ігнатаўна па працы, бо яна не з тых, хто будзе паседжваць ды палежваць. Прывучана да працы змалку. Менавіта праца рабіла яе моцнай, давала кавалак хлеба, ратавала ад роспачы і чорных думак.

Хапала на жыццёвым шляху Валянціны Ігнатаны ўсялякага: і ў час вайны, і пасля яе. Маладой пахавала мужа. Пайшла з жыцця і адна з дачок.

Але, нягледзячы на цяжкасці, знаходзіліся сілы, бадзёрасць, аптымізм. Дапамагалі лёгкі характар, маладосць, вера.

–  Ды няма аніякіх сакрэтаў, чаму доўга жыву, –  кажа Валянціна Ігнатаўна.  – Бог дае сілу. Дачка мяне даглядае, а я ёй стараюся дапамагчы. Жыву дзеля Надзеі. Хто ж будзе яе апорай, як не матуля.

Іна ЯЎСЕЙЧЫК
Фота Вольгі  ЮШКЕВІЧ

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Похожие публикации