Дыплом трэцяй ступені Міністэрства адукацыі ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе школьных лясніцтваў-2025 заваявалі ўдзельнікі “ЛесКам+” – школьнага лясніцтва сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы, кіраўнік – Наталля Белаус.


Фінал конкурсу праходзіў у Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства. Ён аб’яднаў больш за сотню чалавек, сярод якіх былі навучэнцы – пераможцы абласных этапаў, педагогі, кіраўнікі школьных лясніцтваў, выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства лясной гаспадаркі.


У састаў каманды дзятлаўчан уваходзілі “лескамаўцы” Павел Бушчык, Вера Стракоўская, Соф’я Сіняк, Ганна Лаўрэнцьева, Паліна Кіцун, Лізавета Якубоўская.

– Конкурс стартаваў яшчэ ў сакавіку, мы прынялі ўдзел ва ўсіх яго этапах, – расказала Наталля Белаус. – Вынікам абласнога сталі дыпломы першай ступені – у намінацыі “Лес у маім жыцці”, другой – у намінацыі “Эка-эрудыт”, трэцяй – у намінацыі “ Лепшае школьнае лясніцтва”. Наша каманда і юныя лесаводы Пескавецкай сярэдняй школы Мастоўскага раёна былі прызнаны лепшымі ў вобласці і ўдастоіліся гонару прадстаўляць Гродзеншчыну ў рэспубліканскім фінале. Ён складаўся з некалькіх іспытаў, скіраваных на паглыбленне ведаў па лясной экалогіі, лесаводстве і лесазнаўстве, фарміраванне навыкаў па доглядзе, абароне і аднаўленні лясоў.
Кожная каманда ў фармаце выставы прадставіла свой вопыт работы. Экспазіця “ЛесКам+” вылучалася “дрэвам добрых спраў”, на якім размясцілі інфармацыю пра сваю дзейнасць, мерапрыемствы і акцыі. Яшчэ былі агітацыйныя матэрыялы, распрацаваныя для далучэння школьнікаў малодшага ўзросту да экалагічнай дзейнасці, а таксама “паліца дасягненняў”. Варта адзначыць, што за два гады існавання наша школьнае лясніцтва стала ўладальнікам дыпломаў абласнога этапу юніорскага конкурсу “Квітней мой лес”: летась – другой ступені ў Назара Баканава і Ганны Лаўрэнцьевай, а сёлета перамогу і дыплом першай ступені ў ім заваявала Ганна Лаўрэнцьева. У ліку дасягненняў таксама экспанавалі падзячныя лісты ад Гродзенскага і Дзятлаўскага лясгасаў за актыўны і выніковы ўдзел у акцыях па пасадцы лесу. На такія высокія вынікі ўплывае цеснае ўзаемадзеянне з Дзятлаўскім лясгасам, які аказвае садзеянне ў падрыхтоўцы да конкурсаў, арганізацыі і правядзенні акцый, стымулюе самых актыўных “лескамаўцаў”.



Пляцоўкай для абмену ідэямі паміж школьнымі лясніцтвамі Беларусі стаў конкурс візітных картак. Да яго таксама падышлі творча: падрыхтавалі відэаролік, танец з палотнамі і праз выступленне расказалі пра свае справы і мерапрыемствы да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Вялікай Перамогі, Года добраўпарадкавання, якія рэалізуем самі і з удзелам іншых актывістаў раёна.
– Самым хвалюючым і важным быў конкурс юных лесаводаў, – прадоўжыў размову Павел Бушчык. – Ён уключаў праходжанне тэсціравання і практычныя заданні па пяці напрамках: дрэвы і хмызнякі, лясныя птушкі і звяры, насенняводства і гадавальнікі, лясная энтамалогія і фітапаталогія. Члены журы адзначылі высокую падрыхтоўку дзятлаўскіх школьнікаў.
– Прыемным момантам праграмы была экскурсія ў Рэспубліканскі лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр, дзе нас пазнаёмілі з сучаснымі тэхналогіямі селекцыі раслін, прадэманстравалі розныя падыходы да іх вырошчвання, – узгадала Ганна Лаўрэнцьева. – Мы ўпэўніліся, якая карпатлівая работа ляжыць у аснове лесааднаўлення, наколькі важна берагчы, даглядаць, захоўваць “зялёны скарб” Беларусі.


Рэспубліканская бронзавая перамога стала для нас радасцю з кропелькай суму: ганарымся, што пераможцы, шкадуем, што не абсалютныя. Затое нашаму школьнаму лясніцтву “ЛесКам+” ёсць да чаго імкнуцца, а ўдзел у гэтых мерапрыемствах, работа ў школьным лясніцтве сталі адпраўной кропкай да выбару будучай прафесіі для нас, вучняў.
Ірына СТЫРНІК