Так склалася, што жыхары беларускай глыбінкі ў большасці сваёй людзі шаноўнага ўзросту, не выключэнне ў гэтым плане і Дзятлаўшчына. У аддаленых вёсках раёна жывуць пенсіянеры, якія большую частку жыцця самааддана працавалі на гаспадарчых палетках і ў арганізацыях, унеслі значны ўклад у пасляваеннае станаўленне і далейшае развіццё народнай гаспадаркі. Таму неабходна шанаваць і паважаць старажылаў, клапаціцца пра іх, дарыць хвіліны радасці і шчырую ўвагу.

На гэта і скіравана работа сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці, які рэалізуе сацыяльна-культурны праект “Глыбінкай жыве Беларусь”.

Калектыў сектара складаецца ўсяго з трох чалавек – загадчыка Івана Кашко, метадыста Святланы Венскай, культарганізатара Ірыны Бакшук, але за год яны паспяваюць праехаць усю зону абслугоўвання – 101 вёску, падарыць добры настрой сваімі выступленнямі некалькім тысячам жыхароў Дзятлаўшчыны.

Сёлета яны прынялі ўдзел у абласным марафоне-конкурсе па нестацыянарным абслугоўванні насельніцтва “Маршрут пабудаваны”. У выніку відэаролік аб дзейнасці іх аўтаклуба прынёс ім ганаровае другое месца.

У творчым “арсенале” сектара – розныя формы і фарматы работы ў глыбінцы, аднак іх аб’ядноўвае галоўнае – выезд да адрасатаў. У рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” яны знаёмяцца са старастамі вёсак, ушаноўваюць юбіляраў, праводзяць культурна-пазнавальныя экспедыцыі “Па сакрэты даўгалецця” і “Роднае-народнае”, у маланаселеныя вёскі ездзяць з акцыяй “Песні ў кожны дом”. Шмат працы і часу ўклалі ў адкрыццё музея “Хата брыгадзіра” ў вёсцы Малдавічы.

Калектыў сектара называе сябе “клубам на калёсах”, які цесна сябруе і ўзаемадзейнічае з рознымі службамі раёна. У першую чаргу, з сельвыканкамамі, старшыні і спецыялісты якіх падказваюць работнікам культуры, дзе жывуць лепшыя старасты вёсак, у каго жыццёвы ці сямейны юбілей, хто майстар на ўсе рукі. Супрацоўнічаюць з аўталаўкамі раёна – ладзяць акцыю “Аўталаўка забяспечвае – аўтаклуб забаўляе”, з бібліобусам у іх сумесная акцыя “Кожнаму чытачу – па кнізе і песні”. 

Спецыялісты сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва ўпэўнены, што свет вакол нас – гэта адлюстраванне душы народнай, а прыказкі, прымаўкі, прыкметы, узоры ткацтва і вышыўкі – залацінкі мудрасці нашых продкаў і сімвалы ўспрымання Сусвету, якія трэба захоўваць, ведаць, разумець, перадаваць моладзі, каб не перарвалася повязь пакаленняў і беларусы не страцілі сваёй аўтэнтычнасці.

– Менавіта ў глыбінцы жыве душа Беларусі – гэта пажылыя людзі, якія на свет глядзяць шчырымі, добрымі, даверлівымі вачыма, з непадробнай радасцю сустракаюць гасцей, – сцвярджаюць работнікі сектара. – Гэтыя людзі з’яўляюцца жывымі сведкамі і носьбітамі нашых беларускіх традыцый, якія заснаваны на глыбокай павазе да зямлі, продкаў і сямейных каштоўнасцяў. Гэта і ёсць тое неацэннае нацыянальнае духоўнае багацце, якое трэба захаваць і перадаць маладому пакаленню. У святы і будні мы шчаслівыя дарыць ім часцінку радасці і добрага настрою. І атрымліваем узамен шмат разнастайных пазітыўных эмоцый і ўражанняў.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации