Сезон асенніх кірмашоў на Дзятлаўшчыне традыцыйна завяршыўся вялікім продажам-гуляннем у райцэнтры.
Тут дзятлаўчане і госці горада маглі набыць неабходную сельскагаспадарчую прадукцыю, патанцаваць пад добрыя песні ад любімых калектываў раёна і выйграць супер-прыз у бяспройгрышнай латарэі.
У кірмашы прынялі ўдзел прадстаўнікі кіраўніцтва раёна, сельгасарганізацый, установаў культуры раёна і самі дзятлаўчане, якія скарысталіся добрай магчымасцю папоўніць запасы на зіму.
Сёлетні кірмаш вызначыўся небывалым ажыятажам на збожжа, бульбу, агародніну (асабліва буракі, моркву і капусту), яблыкі і грэцкія арэхі. Багатым ураджаем гасцей кірмашу парадавалі ўсе сельгаспрадпрыемствы раёна, а таксама фермеры, сваю прадукцыю прапаноўвалі ААТ “Молочный Мир” і “Слонімскі мясакамбінат”. Таксама “ў лёт” пайшла жывая рыба ад фермерскай гаспадаркі. Цікавіліся дзятлаўчане і мёдам, кветкамі, сувенірамі, гіпсавымі скульптурамі для прысядзібных участкаў.
Сёлета сваё першае дрэва на дзятлаўскім кірмашы набыў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі.
– Маю вялікую цікавасць да саджанцаў грушы. Яблыневы сад у меня ёсць, хочацца яго разнастаіць. Раннія і сярэдняспелыя ёсць, таму выбіраў на кірмашы грушы позніх гатункаў, набыў пару саджанцаў, – расказаў Андрэй Уладзіміравіч. – Кірмаш – заўсёды добры настрой у людзей, выгадныя пакупкі. Надвор’е і асартымент радуюць. Ураджай на Дзятлаўшчыне сёлета багаты, таму прадаўцам ёсць чым парадаваць землякоў.
Сезонны кірмаш – гэта не толькі багацце сельскагаспадарчай і прамысловай прадукцыі на любы густ, але і самы разнастайны аўтапарк: ад традыцыйных легкавых аўтамабіляў і таксі, на якіх развозілі мяхі з пакупкамі, да мотаблокаў, тачак, веласіпедаў і нават сваіх дваіх.
Намеснік дырэктара ААТ “Граніт-Агра” адзначыла, што попыт на зерне сёлета, як і штогод, вельмі высокі:
– Мы былі на кірмашы зрання. А палове восьмай нас ужо чакаў натоўп пакупнікоў. Прывезлі ў Дзятлава 17 тон прадукцыі прадпрыемства: ячмень, трыцікале, пшаніцу і кукурузу. Больш за ўсё было пшаніцы, на якую назіраўся самы высокі попыт. Літаральна за гадзіну ўвесь наш тавар раскупілі. За гэты сельскагаспадарчы сезон мы ўжо паспелі двойчы пабываць у Наваельні, дзе таксама быў добры гандаль.
Дзятлаўчане расказалі, па што прыйшлі на кірмаш, і падзяліліся сваімі ўражаннямі ад пакупак.
Лілія і Сяргей Шумскія:
– Вельмі падабаецца набываць агародніну на кірмашах: тут вялікі выбар у адным месцы, добрыя кошты, усё свежае. Сёння купілі цыбулю і буракі. Аднясём пакупкі дахаты і яшчэ вернемся па бульбу ў машыну КСУП “Хвінявічы”.
Ірына Сіняк:
– Прыехала на раённы кірмаш з Вензаўца, хачу купіць яблыньку, ужо выбрала цікавы гатунак. Зараз пахаджу па гандлі, можа яшчэ прысмакаў якіх-небудзь куплю родным. З агарода ўсяго свайго багата, хіба толькі яблык вазьму.
Людміла Салаўёва:
– Сёння мы на кірмашы з сям’ёй – мамай і сястрой Кацярынай. Выбіраем саджанцы на матулін прысядзібны ўчастак у Засецці. Хочам менш бульбы садзіць на агародзе, а закласці сад, таму набываем шмат саджанцаў. Ужо выбралі зімовыя яблынькі і грушы. Яшчэ хочам купіць іргу, у яе вельмі смачныя ягады. Таксама я купіла на перспектыву грэцкі арэх, буду гадаваць, каб падмацоўваць сардэчка.
Яркай, бойкай, вясёлай і сагравальнай атрымалася кірмашовая забаўляльная праграма, падрыхтаваная лепшымі творчымі калектывамі Дзятлаўшчыны. Як і заўжды, сваімі песнямі радавалі ансамблі “Заранка”, “Суседзі”, народны хор “Ветэраны ў страі”, артысты Новаяльнянскага, Дварэцкага, Гезгалаўскага, Данілавіцкага, Казлоўшчынскага дамоў культуры.
Самыя ўдачлівыя паспыталі шчасця ў бяспройгрышнай латарэі і выйгралі збожжа, агародніну, посуд, патрэбныя ў гаспадарцы бытавыя рэчы і галоўны прыз – сушылку для бялізны. Яе ўладальніцай па волі лёсу стала работніца Данілавіцкага дома культуры Святлана Грос.
– Купіла сёння два білеты латарэі, выйграла часночніцу і галоўны прыз. Здзівілася і ўзрадавалася, раней мне ніколі так не шанцавала, хоць у розыгрышы ўдзельнічаю кожны год. Жыву ў кватэры, але свой прыз, думаю, падару дзецям, ім больш спатрэбіцца.
Завяршыўся кірмаш дзіцячай гульнявой праграмай ад узорнай студыі роставых лялек “Яркае свята для ўсіх”.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga