У Міжнародны дзень абароны дзяцей у райцэнтры ўрачыста адкрылі адмысловы арт-аб’ект – вальер з вавёркамі, размешчаны на тэрыторыі цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Удзел у мерапрыемстве прымалі выхаванцы цэнтра, іх педагогі і навучэнцы школ горада Дзятлава – удзельнікі першай змены школьных летнікаў.



Гасцямі ўрачыстасці сталі начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская і галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама, старшыня раённага аддзялення РГА “Беларускі дзіцячы фонд” Алена Чайкоўская.



Марына Яўгеньеўна павіншавала дзяцей са святам, а калектыў цэнтра – са з’яўленнем у іх двары такога цікавага суседства.

– Як вядома, 1 чэрвеня ў нашай краіне адзначаецца Міжнародны дзень абароны дзяцей, у які традыцыйна ладзяцца дзіцячыя святы, фестывалі, творчыя конкурсы і дабрачынныя акцыі, мэта якіх – нагадаць дарослым, як важна абараняць здароўе і дабрабыт кожнага дзіцяці. Дарагія хлопчыкі і дзяўчынкі, клопат аб вашым шчаслівым дзяцінстве – адна з галоўных задач нашай дзяржавы. Шчыра жадаю вам расці шчаслівымі, вучыцца, займацца любімай справай і ў будучым стаць добрымі людзьмі і грамадзянамі нашай краіны. У гэты цудоўны дзень дастойным падарункам для ўсіх дзяцей раёна стала адкрыццё вальера з вавёрачкамі – Карамелькай і Коржыкам. Жадаю, каб новыя жыхары добра ўладкаваліся ў сваім доміку, прыносілі дзецям больш радасных момантаў.

Для патрэбаў раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі яна ўручыла дырэктару ўстановы Марыне Гуговіч бытавую тэхніку.

Марына Эдвардаўна выказала словы ўдзячнасці за дапамогу ўсім, чыімі стараннямі ў навучальнай установы з’явіўся такі незвычайны жывы куток:

– Дзякуй вялікі за ідэю і яе рэалізацыю кіраўніцтву раёна, за спонсарскую дапамогу – Дзятлаўскаму лясгасу, сельгаспрадпрыемствам “Хвінявічы”, “Войневічы”; настаўнікам працоўнага навучання школ раёна – за мэблю для вавёрчынага доміка, якую яны стварылі сваімі рукамі, рабочым цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый – за ўзвядзенне канструкцыі і, нарэшце, нашым работніцам – за стварэнне прыгажосці і догляд за пушыстымі пастаяльцамі.


Марына Лашкоўская, Марына Гуговіч і Алена Чайкоўская перарэзалі сімвалічную чырвоную стужку і першымі пачаставалі Карамельку і Коржыка грэцкімі арэхамі.




Свята прадоўжылася вясёлымі песнямі і танцамі, якія гасцям падарылі навучэнцы сярэдняй школы № 3 імя І. Ю. Філідовіча.




Нагадаем, што вавёркі Коржык і Карамелька прыехалі на Дзятлаўшчыну ў маі і пасяліліся ў вальеры-альтанцы, клапатліва падрыхтаваным для іх.

Самі гадаванцы прыбылі да нас з Мінскага раёна. Харчуюцца звяркі фундуком, летась нарыхтаваным у лесе работнікамі лясгаса, грэцкімі арэхамі з прыватных падворкаў, спецыяльным кормам з вітамінамі і мінераламі, зелянінай, морквай, агароднінай са сваіх участкаў без хімічных дабавак.

Дзеці і дарослыя могуць палюбавацца вавёркамі зблізу, завітаўшы на падворак цэнтра. Па словах Марыны Гуговіч, гэта не толькі тэрапія для дзяцей, але і прыемныя ўражанні для дарослых. Яна запрасіла дзятлаўчан наведваць Коржыка і Карамельку і атрымоўваць зарад добрага настрою.




Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае