Ён быў прымеркаваны да юбілейнай даты і праходзіў пад назвай “80-годдзе Вялікай Перамогі: памяць і духоўны вопыт пакаленняў”.

Пачатак мерапрыемству паклала сустрэча ў сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава. Яна сабрала каля двухсот чалавек – прадстаўнікоў духавенства, улады, супрацоўнікаў сродкаў масавай інфармацыі, работнікаў адукацыі, сацыяльнай сферы, іншых прафесій, навучэнцкую і працоўную моладзь, валанцёраў Таварыства Чырвонага Крыжа, сёстраў праваслаўных сястрынстваў.

Іх заклікалі да размоў на важныя духоўныя і жыццёвыя тэмы з прэзентацыяй вопыту работы па розных напрамках. Каб было зручней весці дыялог, прысутныя падзяліліся на пяць секцый. Секцыя “Царква ў інфармацыйным полі” сабрала рэдактараў і журналістаў з раёнаў, супрацоўнікаў райвыканкамаў, адказных за вядзенне раённых інфармацыйных каналаў у сацыяльных сетках і месенджарах. З імі вопытам прафесійнай дзейнасці па вядзенні рубрык і праектаў на маральна-духоўную тэматыку падзялілася журналіст выдання “СБ. Беларусь сегодня” Крысціна Скуратовіч.

На дыскусійнай пляцоўцы “Толькі факты” па тэме “Дэмаграфія Беларусі праз прызму сямейных каштоўнасцяў” сустрэліся навучэнцы каледжаў, светары-куратары гэтых установаў, педагогі, ідэалагічныя работнікі. Яны абмеркавалі статыстычныя даныя па тэме праз прызму духоўнасці.

Аб важнасці захавання гістарычнай спадчыны ішла размова ў секцыі “80 гадоў Вялікай Перамогі: удзел Царквы ў барацьбе з нямецкімі захопнікамі. Урокі гісторыі”. Сюды былі запрошаны прадстаўнікі рай-і сельвыканкамаў, ідэалагічныя работнікі арганізацый і прадпрыемстваў, бібліятэкары, супрацоўнікі музеяў.

Для валанцёраў Таварыства Чырвонага Крыжа, сёстраў праваслаўных сястрынстваў, спецыялістаў сферы сацыяльнай абароны і абслугоўвання быў цікавы вопыт, прадстаўлены ў секцыі “Служэнне бліжняму як праяўленне хрысціянскай любові”.

Секцыя “Духоўна-маральнае выхаванне – важны складальнік сістэмы выхавання дзяцей і падлеткаў” сабрала на сваёй пляцоўцы намеснікаў дырэктараў установаў адукацыі па выхаваўчай рабоце, педагогаў-удзельнікаў інавацыйных праектаў і кіраўнікоў факультатываў духоўна-маральнай скіраванасці. Яны дзяліліся паспяховымі метадычнымі напрацоўкамі.

– У мерапрыемстве задзейнічана звыш 180 чалавек з Дзятлаўскага, Навагрудскага, Карэліцкага, Слонімскага раёнаў, – расказала дырэктар сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава Марына Нячай. – На базе нашай установы адукацыі такая маштабная сустрэча ладзілася ўпершыню, аднак пляцоўкай для яе школа была выбрана невыпадкова: у нас працуе кабінет праваслаўя, раённы рэсурсны цэнтр па духоўна-маральнай адукацыі, а таксама мы рэалізуем інавацыйны праект па духоўна-маральным выхаванні дзяцей і сям’і.

– У Дзятлаве прайшоў рэгіянальны этап епархіяльных Міжнародных Калядных чытанняў, якія звычайна ладзяцца ў епархіі, затым на ўзроўні рэспублікі, потым на міжнародным у Маскве, – зазначыў кіраўнік місіянерскага аддзела Навагрудскай епархіі іерэй Мікалай Савіцкі. –  Разам мы абмеркавалі тэму 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Сабраліся зусім розныя людзі: ад студэнтаў да прафесіяналаў сваёй справы. Кожны епархіяльны профільны аддзел арганізаваў сваю тэматычную пляцоўку для дыялога, каб прыйсці да агульнай высновы, напрацаваць планы далейшага ўзаемадзеяння, атрымаць урокі з мінулага для будучых пакаленняў, каб мы вучыліся жыць тут і цяпер і, у першую чаргу, па хрысціянскіх законах.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации