Пад такой назвай упершыню прайшоў раённы фестываль музеяў і музейных пакояў установаў адукацыі Дзятлаўскага раёна, які праводзіў Цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі.
Мэта фестывалю, як і праекта ў цэлым, – стварэнне ўмоваў для развіцця музейнай дзейнасці з дапамогай выкарыстання інавацыйных падыходаў.
Удзельнікам загадзя прапаноўваліся намінацыі: “Гасцінны музей”, “Моладзь 21 стагоддзя ў музеі”, “Ад творчасці да рэалізацыі музейнага праекта”, “Пошук + даследаванне = вынік”, “Музейныя таямніцы і адкрыцці”, “Неверагоднае падарожжа”, “Як будзе выглядаць мой музей”, “Школа ўчора і сёння”.
Вучні не толькі дзяліліся навыкамі па развіцці музейнага руху, але і творча прадстаўлялі свае музеі і музейныя пакоі. Яны падарожнічалі на “машыне часу”, сустракаліся з “ляснымі героямі”, успаміналі суровыя гады Вялікай Айчыннай вайны.
Займальнай і пазнавальнай была работа выставачна-прэзентацыйнай студыі “Знаходка года”, дзе былі прадстаўлены лепшыя экспанаты.
Па выніках этапаў праекта за 2016 – 2017 гады і фестывалю месцы размеркаваліся наступным чынам: першае месца заняў актыў народнага музея “Дзеці ліхалецця” Наваельнянскай сярэдняй школы, другое –музеі “Лес – наша багацце” Лявонавіцкага дзіцячага сада-базавай школы і “Скарбы дзядоў нашых” Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, на трэцім – актывы музеяў “Свет дзяцінства” сярэдняй школы №3 горада Дзятлава, “Гісторыя ваеннага гарадка” Гезгалаўскай сярэдняй школы і музей “Кола часу” Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы.
Вольга ЮШКЕВІЧ