26 чэрвеня ва ўрочышчы Рыбакі ўрачыста стартаваў штогадовы турыстычны злёт працоўнай моладзі Дзятлаўшчыны “Здаровы я – здаровая краіна!”, прымеркаваны да Дня моладзі і студэнцтва.

Свае спартыўныя і творчыя ўменні сёлета будуць выпрабоўваць каманды КСУП “Хвінявічы”, “Войневічы”, ААТ “Граніт-Агра”, Дзятлаўскага РУП ЖКГ, Новаяльнянскага КХП, Дварэцкага льнозавода, Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир”, цэнтральанй раённай бальніцы, ТАА “Ізакам”.

З пачаткам культурна-спартыўнага мерапрыемства сезона-2026 Года беларускай жанчыны прысутных павіншавалі і пажадалі прыемнага актыўнага адпачынку намеснікі старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка і Вольга Жэлезоўская, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Вольга Рагачова, галоўны рэдактар рэдакцыі газеты “Перамога” Ірына Камарова, старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак.

– Раённы турыстычны злёт на Дзятлаўшчыне мае багатыя традыцыі, яму не адно дзесяцігоддзе, – павітаў прысутных Вадзім Бялятка. – Я памятаю тыя часы, калі турзлёт ладзіўся ва ўрочышчы Трахімавічы ў Казлоўшчынскім сельсавеце, колькасць удзельнікаў даходзіла да трыццаці каманд. Сёлета іх менш, аднак я ўпэўнены, што гэта самыя актыўныя і пазітыўныя людзі раёна. Дзякую, што знайшлі час далучыцца да выдатнага мерапрыемства, словы ўдзячнасці адрасую і кіраўнікам вашых арганізацый, якія разумеюць, што рабочы працэс – гэта важна, але трэба даць калектыву магчымасць адпачыць, пабыць у неафіцыйнай абстаноўцы. Спадзяюся, што сустрэча паб’е ўсе рэкорды па колькасці ўсмешак, добрага настрою, спартыўнага азарту. Жадаю вам перамог, але галоўнае – няхай пераможа сяброўства.       

Права падняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь прадаставілі мінулагоднім пераможцам – капітану каманды ААТ “Граніт-Агра”.

Дынамічнай песняй спартсменаў падбадзёрыла і падарыла пазітыўны настрой дзіцячая вакальная група раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.

Турзлёт прадоўжыцца тры дні. Каманды прымуць удзел у турысцкай паласе перашкод, конкурсе на лепшы быт, спартыўных іспытах па валейболе, гарадах, баях шарамі, мас-рэслінгу, іншых. Ацэньваць поспехі ўдзельнікаў будзе судзейская калегія на чале з галоўным суддзёй – галоўным трэнерам ДЮСШ Уладзімірам Ганчаром.

Ірына СТЫРНІК

Фота Святланы ГРЫШЫНАЙ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации