Сяргей Ігнацік: “Чым больш часу праводзіш на ўчастку, тым лепшыя вынікі”

Службу ўчастковых інспектараў міліцыі па праву можна назваць “пярвічным звяном прафілактыкі”, а супрацоўнікаў – “універсальнымі байцамі”, паколькі іх будні цесна звязаны з вырашэннем самых розных людскіх праблем.

Прапаў веласіпед, не вярнуўся з лесу грыбнік, раз’юшыўся хатні тыран, на дачы “пагаспадарыў” злодзей – і ўчастковаму інспектару міліцыі паступае тэлефонны званок. Колькі іх за 11 гадоў работы прыняў адзін з найбольш вопытных участковых аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама Сяргей Ігнацік, складана падлічыць, а калі дадаць яшчэ пісьмовыя заявы і выяўленыя ў час рэйдаў і прафілактычных праверак парушэнні, то лічба перасягне за тысячы.

На адміністрацыйным участку Дварэцкага сельскага савета Сяргей Віктаравіч – свой чалавек, бо тут нарадзіўся і вырас, яго дапамогі штодзень чакаюць землякі.

– Тэрыторыя ўчастка даволі вялікая, – расказвае Сяргей Ігнацік. – На ім размяшчаюцца 43 населеныя пункты з агульнай колькасцю амаль у дзве тысячы жыхароў, адлегласць з аднаго ў другі канец – да 30 кіламетраў, яшчэ дадаюць клопатаў чыгуначная станцыя “Выгада” і 20 кіламетраў чыгункі з размешчанымі на ёй аб’ектамі і складамі, матэрыяльную захаванасць якіх трэба кантраляваць.

Тым не менш, са службовымі задачамі Сяргей Віктаравіч спраўляецца паспяхова, пацвярджэннем з’яўляецца не толькі станоўчая характарыстыка ад кіраўніцтва раённага аддзела міліцыі, але і словы старшыні Дварэцкага сельскага выканаўчага камітэта Канстанціна Вінцукевіча:

– Радуе, што з участковым інспектарам міліцыі ў нас склаўся зладжаны тандэм. На ўсе просьбы і праблемныя пытанні Сяргей Віктаравіч адгукваецца па першым закліку. Ёсць свае плюсы і ў тым, што мы землякі, даўно знаёмы, добра ведаем мясцовасць і людзей. Калі ж да ўсяго дадаць “важкі” міліцэйскі вопыт Сяргея Віктаравіча, які прадаўжае працаваць і на заслужаным адпачынку, то самі зразумееце, чаму ў яго атрымліваецца не толькі знайсці свой падыход да кожнага жыхара, але і паспяхова папярэджваць многія непажаданыя выпадкі.

Сяргей Ігнацік таксама зазначае, што работу на ўчастку спрашчае зацікаўленасць старшыні сельвыканкама і тое, што ў мясцовым КСУП “Дварэц-Агра” спецыялістам па ідэалагічнай рабоце працуе былы міліцэйскі калега Аляксандр Сачык, таму ў галоўных суб’ектаў прафілактыкі сельсавета па ўсіх кірунках ёсць плённае выніковае супрацоўніцтва.

Тым не менш, Сяргей Віктаравіч упэўнены, што ў злачыннасці няма межаў, таму, акрамя свайго адміністрацыйнага ўчастка, праваахоўнік някепска ведае і Маўчадскі сельсавет суседняга раёна, знаёмы з яго старшынёй. У свой час гэта дапамагло раскрыць серыю крадзяжоў, якія адбыліся ў вёсцы Цецеравец. Бывае і такое, што, каб затрымаць заезджых злачынцаў, на выручку даводзіцца паклікаць калегаў, арганізаваць пасты, патраціць час, асабліва прыемна, калі інтуіцыя не падводзіць і “аперацыя” заканчваецца паспяхова. Аднак здараліся ў службовай практыцы Сяргея Ігнаціка выпадкі, калі ён знаходзіў вінаватых, нават не выходзячы з кабінета: здагадваўся па словах пацярпелых і па “почырку” ўчынку, нездарма пастаянна працуе з такімі катэгорыямі жыхароў сельсавета, як п’яніцы, скандалісты, падуліковыя і абавязаныя асобы, добра вывучыў паводзіны кожнага з іх.

І ўсё ж участковага інспектара міліцыі не так радуе раскрыццё чарговага правапарушэння, як выпадкі, калі “горкія п’яніцы”, дзякуючы настойлівай прафілактычнай рабоце, становяцца на шлях выпраўлення. Адзін са станоўчых прыкладаў – мясцовая жанчына, якая тройчы пабывала ў лячэбна-працоўным прафілакторыі, а цяпер не ўжывае алкаголь, гадуе дзіця.

Увогуле, Сяргей Віктаравіч упэўнены:

– Чым больш часу праводзіш на ўчастку, тым лепшыя будуць вынікі работы, тым большай колькасці людзей зможаш дапамагчы, выслухаць, падтрымаць, пачуць на свой адрас шчырае “дзякуй”.

На пытанне, чаму ў якасці прафесіі выбраў службу ў міліцыі, наш зямляк, не задумваючыся, адказвае:

– Заўсёды марыў насіць форму і пагоны, служыць людзям, бо перад вачамі былі станоўчыя прыклады ваенных афіцэраў – дзядзькі і брата. Праўда, паступіць на вайсковую прафесію не атрымалася: пасля службы ў арміі скончыў ВНУ па спецыяльнасці “інжынер-механік” і пайшоў працаваць у міліцыю: спачатку ў дзяржаўтаінспекцыю, затым у службу ўчастковых інспектараў.

Вольны ад работы час, якога ў праваахоўніка не так і шмат, Сяргей Віктаравіч стараецца прысвячаць сям’і, сустрэчам з сябрамі, любіць актыўныя віды адпачынку, напрыклад, сплаў на байдарках, з задавальненнем наведвае лазню, чытае мастацкую літаратуру, аднак цяпер для гэтага не заўсёды знаходзіцца хвілінка.

Сваім калегам, участковым інспектарам міліцыі, Сяргей Ігнацік жадае поспехаў, спакою на ўчастках і ў душы, каб часцей усміхалася фартуна, не падводзілі здароўе і службовая інтуіцыя, а дома чакаў надзейны тыл.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

administrator

Recent Posts

«Зецельскі фэст» ў Дзятлаве.  Шэсце па цэнтральнай вуліцы

Урачыста, прыгожа, з цудоўным настроем  пачалося свята сямейнага адпачынку "Зецельскі фэст" ў Дзятлаве. Пад гукі…

30 минут ago

На Зецельскім фэсце гуляе народ…

На Зецельскім фэсце гуляе народ,На плошчы вясёлы вядзе карагод,Танцуе, спявае і славіць сям’ю,А хтосьці газеце…

6 часов ago

Рыхтавацца да зімы – загадзя і грунтоўна

Пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з удзелам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага прайшло…

21 час ago

Последствия выплаты заработной платы «в конверте» для нанимателей

Под зарплатой «в конверте» принято понимать незаконную форму  оплаты труда, при которой часть или весь…

21 час ago

Навучыліся аказваць неадкладную дапамогу

Другі раз запар у Беларусі прайшоў рэспубліканскі міжведамасны адукацыйны праект “Запусці сэрца”, арганізатарамі якога выступаюць…

22 часа ago

Добрахвотнікаў стала больш

У рамках месячніка Таварыства Чырвонага Крыжа ў Дзятлаве адбылося ўрачыстае ўручэнне пасведчанняў новым валанцёрам аб’яднання.…

22 часа ago