2019 год багаты на падзеі: гэта Год малой радзімы, 75-годдзе ўтварэння Гродзенскай вобласці, Дзень беларускага пісьменства, які будуць святкаваць сёлета зусім блізка – у горадзе Слоніме.

17 жніўня ў вёсцы Зачэпічы прайшло свята беларускай паэзіі, якое падрыхтавала Дзятлаўская раённая бібліятэка разам з Жукоўшчынскай сельскай бібліятэкай.

Паэты – незвычайныя людзі не толькі таму, што яны таленавітыя, а, перш за ўсё, таму, што яны дораць чалавецтву частачку сваёй душы. Іх вершы, як маякі ў акіяне часу, якія асвятляюць шлях, прыводзяць нас да стану гармоніі душы і свету.

Радзімай вядомых нам паэтаў з’яўляецца Жукоўшчынская зямля. Сярод іх Ігнат Дварчанін з вёскі Погіры, Пятрусь Граніт, Гарасім Прамень, Васіль Струмень з Зачэпічаў. Для трох апошніх у 2016 годзе ў весцы Зачэпічы быў адкрыты мемарыяльны знак.

Удзел у сустрэчы прымалі прадстаўнікі мясцовай улады, краязнаўцы, паэты Дзятлаўшчыны, работнікі бібліятэкі, педагогі, навучэнцы, вяскоўцы. З нагоды свята ў наш раён завіталі беларускія паэты, пісьменнікі, выканаўцы песень на словы беларускіх аўтараў: Валянцін Дубатоўка, Ала Петрушкевіч, Алесь Закрэўскі, Алесь Хітрун, Сяргей Чарняк, Сяргей Чыгрын, Міхась Зізюк, Святлана Абдулаева, Уладзімір Хільмановіч, Мечыслаў Курыловіч, Станіслаў Суднік, Віктар Парфененка, Фёдар Красюк і іншыя.

Старшыня Жукоўшчынскага сельскага савета Валерый Верамейчык зазначыў, што Зачэпічы — гэта “гняздо паэтаў”, якія пісалі тут свае творы. Важна, што такія сустрэчы праходзяць. Пажадаў прысутным прыемнага свята і выказаў спадзяванне, што і надалей будуць ладзіцца такія мерапрыемствы.

Прысутных павітаў краязнаўца Валерый Петрыкевіч. Ён падзякаваў усім за тое, што знайшлі час і тут сабраліся.

Вершы мясцовых паэтаў Гарасіма Праменя, Васіля Струменя, Петруся Граніта, Ігната Дварчаніна прачыталі навучэнцы Жукоўшчынскага дзіцячага сада–базавай школы.

Шмат добрых слоў на адрас дзятлаўскай зямлі, яе жыхароў, паэтаў прагучала ад гасцей свята. Яны чыталі свае вершы, творы іншых беларускіх аўтараў, пад гітару выканалі некалькі песень.

Удзельнікі сустрэчы змаглі пазнаёміцца з кніжнай выставай, прысвечанай 75-годдзю ўтварэння Гродзенскай вобласці і малой радзіме знакамітых землякоў, зрабіць сумеснае фота на памяць.

Напрыканцы госці свята накіраваліся на вясковыя могілкі, каб ускласці кветкі на магілы пахаваных тут паэтаў – Гарасіма Праменя і Петруся Граніта.

Вольга ЮШКЕВІЧ

Похожие публикации