Сёння можна з упэўненасцю сказаць, што ўвесь навучальны год для нас, навучэнцаў 10 класа профільнай інжынернай групы сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы, быў багатым па змесце, напоўненым цікавымі сустрэчамі і мерапрыемствамі. Дзякуючы кіраўніцтву аддзела адукацыі, нашай школы і настаўніку фізікі мы змаглі наведаць дні адчыненых дзвярэй у вышэйшых навучальных установах, спецыялізаваныя выставы і вытворчыя прадпрыемствы вобласці і раёна.

На выставе дасягненняў “Мая Беларусь” мы даведаліся аб тэхналагічным развіцці нашай краіны, чаго дасягнула Беларусь за гады незалежнасці дзякуючы працы і патрыятызму народа. Тут жа мы пагрузіліся ў культуру і гісторыю нашай дзяржавы, пераканаліся ў тым, што наша краіна развітая, канкурэнтаздольная, унікальная, а людзі ў ёй – мэтанакіраваныя, працавітыя, адказныя і творчыя.
Экскурсія ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы запомнілася маштабнасцю і змястоўнасцю. На інтэрактыўных пляцоўках прадстаўнікі факультэтаў азнаёмілі нас з шырокім спектрам спецыяльнасцяў, якія можна атрымаць на базе ўстановы, а таксама мы адчулі сябе ў ролі следчага, архітэктара, інжынера. Запамінальнымі былі сустрэчы з прадстаўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый, мытнай службы, МУС, МНС і МА.

Апошні дзень навучальнага года стаў асабліва насычаным, цікавым і запамінальным – мы пабывалі ў горадзе энергетыкаў Астраўцы. Тут наведалі Цэнтр бяспекі на базе Астравецкай гімназіі, атам-клас, адкрыты з падтрымкай “Расатама”, і музей энергетыкі на базе сярэдняй школы № 3 горада Астраўца.
Асабліва ўразіла нас маштабнасць рэалізуемага ў Рэспубліцы Беларусь праекта па вытворчасці электраэнергіі. Разам з тым што будаўніцтва атамнай электрастанцыі дае нашай краіне незалежнасць, гэта яшчэ і вялікая адказнасць перад будучымі пакаленнямі. Экскурсія выклікала шквал эмоцый і ўражанняў. Разумеем, што энергетыка будучыні – гэта Беларуская АЭС. Магчыма, некалі хтосьці з нас сядзе за яе пульт кіравання, але для гэтага трэба яшчэ вучыцца і развівацца.
Большую частку дня мы правялі на пляцоўцы Беларускай АЭС. Шмат чаго даведаліся, убачылі, пагутарылі са спецыялістамі розных узроўняў і атрымалі адказы на сотні пытанняў, якія нас цікавілі. Некаторыя зацвердзіліся ў сваёй мары – стаць інжынерам!

Наведваючы прадпрыемствы Дзятлаўскага раёна мы чарговы раз пераканаліся ў тым, што ў нашым рэгіёне створаны ўмовы для самарэалізацыі і самаўдасканалення кожнага, хто працуе, асабліва для маладых спецыялістаў. ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”, ААТ “Ізакам”, Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир” – перспектыўныя у сваім развіцці прадпрыемствы, абсталяваныя сучасным тэхналагічным абсталяваннем, спецыялізаванай тэхнікай, таму прадукцыя іх канкурэнтаздольная і экспартуецца ў многія краіны свету.
Ганарымся тым, што мы маем магчымасць атрымаць якасную адукацыю, азнаёміцца з шырокім спектрам прафесій, выбраць сабе па душы і ў будучыні быць карыснымі грамадству і дзяржаве.
Мілена КАВАЛЬЧУК, Таццяна ДЗЕДАВА,
навучэнкі 10 класа інжынернай групы сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#образование