Падвялі вынікі за год работы службы “адно акно”
Апошнім часам увага да дзейнасці службы “адно акно” значна ўзрасла. Пагадзіцеся, гэта зручна – звярнуцца да спецыялістаў, аператыўна атрымаць у адным месцы кансультацыю адразу па некалькіх пытаннях.
Нагадаем, служба “адно акно” размяшчаецца па адрасе: г. Дзятлава, вул. Чырвонаармейская, 21 (уваход з тарца). Працуе па наступным графіку: панядзелак, аўторак, чацвер, пятніца з 8.00 да 17.00, серада з 8.00 да 20.00 без перапынку на абед. Субота, нядзеля – выхадныя дні. Для зручнасці грамадзян існуе папярэдні запіс па тэлефонах: 6-86-41, 142.
За 2024 год па заявах, прынятых службай “адно акно”, ажыццёўлена 2615 адміністрацыйных працэдур (з іх 2023 – па заявах грамадзян і 592 – па заявах юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў).
З кожным годам пералік адміністрацыйных працэдур, па якіх можна звярнуцца ў службу, пашыраецца. Сёння іх 220 (2023 год – 190). Найбольш запатрабаванымі з’яўляюцца працэдуры ў сферы працы і сацыяльнай абароны, у асноўным гэта атрыманне дапамог і прадастаўленне льгот (900 заяваў), архітэктуры і будаўніцтва (202), жыллёвых праваадносін – (486), адукацыі –пастаноўка на ўлік дзіцяці, якое мае патрэбу ў дашкольнай адукацыі і наступная выдача накіравання ў дашкольную ўстанову адукацыі (202 заявы), рэгістрацыя дагавора найму або арэнды жылога памяшкання (85 заяваў).
Што датычыцца юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, тут пераважаюць заявы па сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва (310), гандлю (202).
Звяртаюцца да нас грамадзяне з мінімальным пакетам дакументаў, вызначаным заканадаўствам, астатнія, неабходныя для ажыццяўлення адміністрацыйнай працэдуры, запытваюцца спецыялістам службы. За мінулы год накіравана 2206 запытаў.
Дарэчы, у дзятлаўскай службе “адно акно” абсталявана спецыяльнае месца з камп’ютарам, дзе наведвальнік можа самастойна запоўніць заяву, азнаёміцца з афіцыйным сайтам райвыканкама, ацаніць работу службы на партале рэйтынгавай ацэнкі якасці аказання паслуг па ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур рознымі арганізацыямі. Таксама для зручнасці грамадзян у “адным акне” ўсталяваны кулер з пітной вадой, для маленькіх наведвальнікаў арганізаваны “дзіцячы куток”, прадугледжана безбар’ернае асяроддзе: на ўваходзе размешчана таблічка з графікам работы, прадубляваная рэльефна-кропкавым шрыфтам Брайля; устаноўлены поручні для бесперашкоднага наведвання службы; выраблены брашуры са шрыфтам Брайля, прадубляваныя плоскадрукаваным шрыфтам, якія дапамогуць грамадзянам азнаёміцца з работай службы і пералікам адміністрацыйных працэдур, што ажыццяўляюцца тут. Ёсць плазменны экран для трансляцыі рознай інфармацыі, відэаролікаў. Зручны графік работы, камфортныя ўмовы, ветлівасць і прафесіяналізм спецыялістаў спрашчаюць працэдуру афармлення дакументаў і забяспечваюць камфорт заяўнікам.
Станіслава ГАНЧАР,
галоўны спецыяліст аддзела па юрыдычнай рабоце, зваротах грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама, кіраўнік службы “адно акно”
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga