Заканчваецца 2016 год — Год культуры. Чым ён быў адметны для вас? На гэтае пытанне карэспандэнтка газеты папрасіла адказаць некалькіх рэспандэнтаў.

Іван Каско, кіраўнік тэатральнай студыі “Мелодыя душы”:

— Год быў насычаны цікавымі паездкамі і мерапрыемствамі. Беларускі гульнёвы тэатр роставых лялек “Лялькі для ўсіх” удзельнічаў у мерапрыемствах да Дня моладзі, які праходзіў у рамках “Славянскага базару” ў Віцебску, у фестывалі вышыванак, якія ладзілі ў Мінску. Удзельнічалі мы і ў абласных “Дажынках”, што праходзілі ў Воранаве, у фестывалі дзіцячых калясак, які быў арганізаваны ў Гродне.

Таксама адметна тое, што Беларускі тэатр гульнёвых лялек прэтэндуе на званне “ўзорнага” калектыву.

Таццяна Янушкевіч, вядучы метадыст аддзела метадычнай работы Дзятлаўскага цэнтра народнай творчасці:

— Год быў насычаны, плённы, творчы. Народны тэатр-студыя гульні “Прымакі” прымаў удзел у фестывалі “Славянскі базар”. Фальклорны гурт з гарадскога пасёлка Казлоўшчына ўдзельнічаў у фестывалі фальклору “Берагіня”. Таксама нашы самадзейныя артысты прымалі ўдзел у мерапрыемствах, якія праходзілі ў санаторыях “Радон”, “Альфа Радон”.
На наступны год творчых планаў таксама шмат. Дай Бог, каб толькі хапіла здароўя і добрага настрою.

Ганна Харлінская, загадчыца сектара пазастацыянарнага абслугоўвання Дзятлаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці:

— Год атрымаўся цікавым. З мерапрыемстваў запомніўся выезд нашага калектыву ў Клішавічы і Засецце, дзе мы віншавалі юбіляраў. Гэта былі людзі працы. Аб іх дасягненнях сведчылі медалі, ордэны — высокія ўзнагароды за добрасумленную працу.

Увогуле, прыемна, што кожны наш прыезд у аддаленыя і маланаселеныя вёскі раёна жыхары сустракаюць з радасцю і гасціннасцю. Адразу ж падымаецца настрой, хочацца спяваць.

Алена Сіўко, загадчыца аддзела культуры і адпачынку “Хвінявіцкі дом культуры”:

— Год быў насычаны цікавымі мерапрыемствамі. З найбольш запамінальных — канцэртная праграма “Што мы Радзімай называем”,  мерапрыемства “Сімволіка нашай краіны”, рэйд-віншаванне “У гарачую пару”. З абменным канцэртам у нашым Доме культуры выступілі артысты Слонімскага раёна. Запомнілася канцэртная праграма да выбараў дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. На ўчастку прысутнічалі замежныя наглядальнікі, якім вельмі спадабалася выступленне нашага фальклорнага гурта “Сузор’е”.

Дзмітрый Кузьма, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея:

— У гэтым годзе ў нас была ўведзена новая форма работы — квэст-гульня “Скарбніцы Радзівілаў”. Таксама Год культуры — юбілейны для нашага музея: сёлета яму споўнілася пяцьдзясят гадоў. З гэтай нагоды ў музеі прайшла выстава “Парад калекцый”. У рамках праекта транспамежнага супрацоўніцтва мы сустракаліся з літоўскай дэлегацыяй.

Падрыхтавала да друку А. ДУБРОЎСКАЯ

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации