У народзе кажуць: “Хлеб сам не народзіцца, яго сеюць працавітыя рукі сейбіта”. Малады перспектыўны механізатар, лепшы працаўнік -сейбіт і  разам з тым просты, вясёлы вясковы хлопец Павел Сухецкі працуе ў КСУП “Войневічы”.

Родам ён з вёскі Лядзіны Дзятлаўскага раёна. Бацька яго ўсё жыццё працаваў у сельскай гаспадарцы  шафёрам, маці – жывёлаводам.

– З маленства, – расказвае Павел,– я быў вельмі часта побач з бацькам  за рулём, калі ён працаваў у полі, рамантаваў тэхніку. Іншай працы, як праца з тэхнікай, я ўжо не ўяўляў сабе, таму і прафесію выбраў па душы.

У 2002 годзе Павел скончыў Казлоўшчынскі сельскагаспадарчы ліцэй  па спецыяльнасці “трактарыст-машыніст сельскай гаспадаркі”. У гэтым жа годзе ўладкаваўся на працу ў КСУП  “Войневічы” механізатарам. Ужо з першых дзён ён зарэкамендаваў сябе як адказны чалавек, спагадлівы калега. Павел Сухецкі працуе ў гаспадарцы ўжо 16-ы год. Тут ён пазнаёміўся з будучай  жонкай Вольгай , а ў 2006 годзе ўтварылася новая сям’я.

– Якімі якасцямі павінен валодаць механізатар? – задаю суразмоўцу класічнае пытанне і чую ў адказ: – Дапытлівасць і імкненне да ведаў.  Калі хочаш быць сапраўдным спецыялістам, ты павінен ведаць пра ўсё крыху болей, чым іншыя. Механізатар – гэта працаўнік, які павінен разбірацца не толькі ў сельскагаспадарчых машынах, трактарах, агрэгатах, але і шмат у якіх прыладах і механізмах. Самае галоўнае – быць з тэхнікаю на “ты”, берагчы яе.

Размаўляю з Паўлам і, гледзячы на працавітыя, у мазалях, рукі, уяўляю сабе, як па-майстарску кіруюць яны трактарам, разумею: гэтыя рукі могуць усё! Пацвярджэнне знаходжу ў словах жонкі Вольгі:

– Павел вельмі клапатлівы муж, працавіты гаспадар. Усюды ён любіць, каб быў ідэальны парадак: і ў доме, і на надворку, і ў гаражы кожнай рэчы – сваё месца. Не цураецца Павел і хатніх спраў: ва ўсім мне дапамагае, шмат ад чаго аберагае.

Ідэальны парадак падтрымлівае Павел Сяргеевіч і ў кабіне свайго МТЗ-3022, на якім працуе з 2009 года, належным чынам даглядае машынна-трактарныя агрэгаты, добра ведае  асаблівасці сельскагаспадарчай тэхнікі, адказна падрыхтоўвае глебу да сяўбы.

У залатых руках механізатара спорыцца любая справа, а вынікі радуюць. З году ў год у час вясенняй і восеньскай сяўбы  Павел Сухецкі – у лідарах сярод работнікаў сваёй гаспадаркі, а па нарыхтоўцы кармоў – лепшы ў раёне. Ужо тры гады запар ён “трымае марку” ў вобласці. Тут таксама адзначаны як адзін з лепшых па нарыхтоўцы кармоў.

Сёлета Павел Сухецкі быў абраны  дэпутатам мясцовых Саветаў дэпутатаў па сваёй акрузе.

З сябрамі, якія працуюць у суседніх гаспадарках, Павел падтрымлівае сувязь і, як кажуць, заўсёды “на тэлефоне”. Ён хутка  параіць, як лепш адрамантаваць непаладку, падзеліцца новымі вынаходніцтвамі.

– Вы яшчэ зусім маладым прыйшлі працаваць ў гаспадарку. Хваляваліся? – зноў звяртаюся да механізатара.

– Дапамагалі “родныя сцены”, свая зямля. Яны натхнялі мяне на працу, на поспех.

– Як адносілася да вас у гэты час кіраўніцтва гаспадаркі?

– З даверам. І калі я адчуваў яго, хацелася працаваць удвая больш.

З ранняй вясны і да позняй восені ў механізатара самы напружаны час, а кола яго абавязкаў вельмі шырокае. Увесну Павел Сухецкі працуе на сваім МТЗ-3022. Пазней, калі скончыцца пасяўная, працуе на КЗР “Палессе” – нарыхтоўвае кармы. Восеньскай парою, пасля ўборкі ўраджаю, ён зноў смела садзіцца за трактар і рыхтуе глебу да наступнага ўраджаю, сее азімыя. Зімой – рамантуе тэхніку, рыхтуе яе да новай пасяўной.

У вольны ад работы час Павел не сядзіць на месцы: займаецца ўласнай гаспадаркай, дрэсіруе сабаку, ходзіць у грыбы. У зімовы час любіць рыбалку, катаецца на лыжах. У 2017 годзе ён быў удзельнікам Дзятлаўскай лыжні, дзе заняў другое месца, а ў 2018 годзе прыйшоў да фінішу чацвёртым.

– Павел і мяне з сабою бярэ на лыжню, ставіць на лыжы. Мы часта ездзім катацца ў “Раўбічы”, – расказвае жонка Вольга.

Пра планы на будучыню Павел Сяргеевіч гаворыць так:

– Планую да канца адрамантаваць дом, а яшчэ працаваць тут усё сваё жыццё – я люблю зямлю, люблю сваю прафесію, мясціны, сярод якіх жыву, хлеб, які сею.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации