Тыдзень бяспекі ў садзе

У Казлоўшчынскім дзіцячым садзе прайшоў Тыдзень бяспекі. Выхаванцы пазнаёміліся з простымі спосабамі бяспечных паводзін у розных сітуацыях: на прыродзе, на дарозе, дома, з незнаёмымі людзьмі. Апошні дзень быў адрасаваны правілам пажарнай бяспекі, калі, акрамя экскурсіі па дзіцячым садзе і знаёмства з пажарнай сігналізацыяй, установу наведалі супрацоўнікі Дзятлаўскага РАНС, якія ў рамках рэспубліканскай акцыі “Бяспечны Новы год” правялі з дзецьмі шэраг пазнавальных мерапрыемстваў, прысвечаных навагоднім святам.

Пазнавальна і цікава

З мэтай далучэння да культуры і традыцый беларускага народа адбылася экскурсія выхаванцаў групы інтэграванага навучання і выхавання Гезгалаўскага дзіцячага сада ў Дом рамёстваў Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Майстры пазнаёмілі дашкольнікаў з традыцыйнымі беларускімі рамёствамі: саломапляценнем, ткацтвам, ганчарствам, разьбой па дрэве. Майстар народных промыслаў Марына Лотыш паказала дзецям калаўрот і ткацкі станок, расказала пра прынцып іх работы. З вялікай цікавасцю разглядалі дзеці тканыя ручнікі і паясы з беларускім арнаментам.

Асаблівае захапленне выклікаў майстар-клас па вырабе лялькі-абярэга. І, вядома, кожны захацеў паспрабаваць сябе ў ролі майстра, які стварае непаўторныя рэчы сваімі рукамі.
Падрыхтавала Таццяна САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga