Усе прафесіі патрэбныя

Навучэнцы 6 класа гімназіі № 1 горада Дзятлава наведалі раённую бібліятэку, дзе ў рамках адукацыйнага праекта “ШАГ” прынялі ўдзел у гульні “Усе прафесіі патрэбныя, усе прафесіі важныя”.
Яны пазнаёміліся з актуальнымі на сёння прафесіямі, якія становяцца запатрабаванымі з улікам зменлівых тэндэнцый на рынку працы.
Супрацоўнік Дзятлаўскага РАНС расказаў дзецям аб прафесіі пажарных, растлумачыў правілы прыёму ў ліцэй і асаблівасцях уступнай кампаніі ва Універсітэт грамадзянскай абароны МНС Беларусі.
“Вітамінная” градка

Выхаванцы дзіцячага сада № 1 горада Дзятлава вырашылі вырасціць зялёныя пёры цыбулі на сваім падаконніку. Дзеля гэтага яны пазнаёміліся з яе карыснымі ўласцівасцямі, узялі зямлю, добра палілі і кожны пасадзіў сваю цыбуліну. А яшчэ дзеці пасеялі кветкі і агуркі. Яны будуць весці назіранні і даглядаць свой маленькі агарод.

Адкрылі школьны свет

Выхаванцы старэйшага дашкольнага ўзросту Новаяльнянскага дзіцячага сада наведалі мясцовую школу. Яны пабывалі ў навучальных класах, пасядзелі за школьнай партай, адказалі на пытанні настаўніка як сапраўдныя першакласнікі. Праходзячы па калідорах і разглядаючы стэнды, даведаліся аб тым, як цікава жывуць школьнікі і якія мерапрыемствы праходзяць тут.

У радах акцябрат – папаўненне

Для навучэнцаў 2-га класа Казлоўшчынскай сярэдняй школы прайшоў урачысты прыём у акцябраты. Хлопчыкі і дзяўчынкі старанна рыхтаваліся да гэтай падзеі, вучылі правілы і ўрачыстае абяцанне. У час мерапрыемства дзеці выконвалі розныя заданні, адказвалі на пытанні, спявалі песні аб дружбе, а затым на грудзях у школьнікаў заззялі акцябрацкія зорачкі.

Учынак і адказнасць

У рамках PR-акцыі “Дзіцячы свет без жорсткасці і насілля” з навучэнцамі 7 класа гімназіі № 1 горада Дзятлава прайшоў занятак “Учынак і адказнасць”. Гімназісты даведаліся пра адказнасць за свае дзеянні і іх наступствы, прынялі ўдзел у віктарыне.

Падрыхтавала Таццяна САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#образование #Дятловщина