Кожны новы дзень набліжае нас да важнага этапу жыцця – выбару прафесіі і навучальнай установы пасля заканчэння школы. Ужо цяпер, пасля атрымання дакументаў аб базавай адукацыі, навучэнцы нашай школы, якія маюць схільнасці да натуральна-матэматычных навук, асвойваюць праграмы факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў аграрныя прафесіі” і “У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію”.
Каб ліквідаваць нявызначанасць паміж абстрактным “кім я хачу стаць?” і канкрэтнай дзейнасцю ў будучыні, для нас арганізуюць прафарыентацыйныя мерапрыемствы. Гэтым разам па асабістым запрашэнні дэкана факультэта “Тэхнічны сэрвіс у аграпрамысловым комплексе” Валерыя Еднача мы адправіліся ў прафтур у Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт і на пляцоўку ВНУ на рэспубліканскай выставе “Мая Беларусь”.
Увага была нададзена інфраструктуры студэнцкага гарадка БДАТУ, які адрозніваецца крокавай даступнасцю ўсіх навучальных карпусоў і інтэрнатаў, размешчанасцю ў цэнтры сталіцы.

Наведаўшы лабараторыі, вучэбна-выставачны павільён на тэрыторыі студэнцкага гарадка, экспазіцыю на выставе, пераканаліся, што тут выдатная матэрыяльна-тэхнічная база, у тым ліку і дзякуючы супрацоўніцтву з сучаснымі беларускімі заводамі. Прадпрыемствы забяспечваюць ВНУ спецыялізаванай тэхнікай, праводзяць практыку для студэнтаў і ўдзельнічаюць у навукова-даследчых праектах.
Кандыдат тэхнічных навук, дацэнт Жанна Панцялеева азнаёміла нас з умовамі паступлення, расказала аб факультэтах і спецыяльнасцях, перавагах навучання ў ВНУ, аб культурным і спартыўным жыцці ўніверсітэта. Наведваючы экспазіцыю БДАТУ ў Міжнародным выставачным цэнтры “БелЭкспа”, змаглі пабываць і на іншых тэматычных лакацыях, дзе даведаліся аб прарыўных адкрыццях у такіх галінах, як прамысловасць, навука, тэхналогіі, адукацыя. Такія мерапрыемствы не толькі пашыраюць кругагляд школьнікаў і дапамагаюць вызначыцца з выбарам будучай прафесіі, але і спрыяюць развіццю цікавасці да сельскай гаспадаркі і перадавых дасягненняў Беларусі ў розных галінах эканомікі, фарміруюць гонар за сваю Радзіму і ўпэўненасць у светлай будучыні.
Паліна БАМБІР,
Павел БУШЧЫК,
юныя журналісты газеты “Перамога”, навучэнцы 10 класа сярэдняй школы № 1 г. Дзятлава імя А. М. Чурылы
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga