Часам можна пачуць: шчаслівы лёс дастаўся чалавеку. Ад чаго ж ён залежыць, гэты шчаслівы лёс?
Адзін скажа, што ад удачы: нарадзіўся чалавек “у кашулі”, вось і шанцуе ўсё жыццё, і рабіць нічога для гэтага не трэба. А іншы, хто сам прайшоў праз жыццёвыя церні і выпрабаванні, упэўнены: шмат залежыць і ад самога чалавека, ад яго працаздольнасці, імкнення да мэты, волі.
“Бачыць святло ў канцы тунэля”, – такім дэвізам карысталася ў жыцці наша зямлячка, прафесар, доктар філалагічных навук Марыя Канюшкевіч. Аднойчы цёплым суботнім вераснёўскім днём Марыя Іосіфаўна і яе муж Міхаіл Сяргеевіч завіталі на некалькі хвілін у Дзятлаўскі музей. Былі ў нашым горадзе праездам. Тады і дамовіліся пра сустрэчу ў іх дома. Марыя Іосіфаўна папрасіла падумаць і прапанаваць студэнтам яе факультэта некалькі тэм для напісання курсавых, звязаных з Дзятлаўшчынай, а яшчэ скінуць на электронную пошту спіс таго, што хацеў бы атрымаць музей ад іх сям’і ў якасці экспанатаў. У час той кароткай размовы даведалася, што пара святкуе ў лістападзе свае юбілеі: Міхаілу Сяргеевічу, хірургу, які шмат гадоў узначальваў хірургічнае аддзяленне абласной дзіцячай клінічнай бальніцы, спаўняецца восемдзесят, а Марыі Іосіфаўне – семдзесят пяць.
Сустрэча нарэшце адбылася. Сяджу ў гасцёўні, размаўляю з Міхаілам Сяргеевічам, а яго жонка гатуе для нас сняданак. Гаспадар расказаў, што абодва яны нарадзіліся ў Дзятлаўскім раёне: ён – у вёсцы Хвінявічы, а Маша – у Погірах. У 1957 годзе скончыў СШ №1 г. Дзятлава, паступіў у Віцебскі медыцынскі інстытут на лячэбны факультэт. Вучыўся амаль на выдатна, будучая прафесія вельмі падабалася, таму стараўся засвоіць усё, што давалі выкладчыкі і медыцынская практыка. Калі быў на шостым курсе, пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай. Яна, дзевятнаццацігадовая студэнтка педвучылішча, прыйшла з сяброўкамі ў Хвінявічы на танцы. Патанцавалі, абмяняліся адрасамі. І сустракаліся да вяселля толькі разы тры. Некалькі разоў размаўлялі па тэлефоне, перапісваліся. Перад размеркаваннем Міша зразумеў, што, каб атрымаць першае рабочае месца ў Беларусі, трэба быць жанатым. І ён прапанаваў Машы руку і сэрца. Адразу згадзіцца яна не магла, бо нядаўна памерла мама. Але напярэдадні размеркавання, у сакавіку, сталі мужам і жонкай.
У 1963 годзе Міхаіла Сяргеевіча накіравалі ў Наваельнянскі санаторый, туды ж прыехаў у той год і выпускнік Мінскага медінстытута Яўген Мацвееў з жонкай. Разам працавалі, сябравалі. У доме Канюшкевічаў сярод любімых кніг размясціліся ўсе сем зборнікаў лірыкі Яўгена Мацвеева, Марыя Іосіфаўна пісала да іх прадмовы.
Шлях Міхаіла Сяргеевіча як хірурга не быў простым: давялося працаваць і ў Германіі, дзе быў ваенным хірургам, і ў Лідзе, і ў Гродне. Прычым у Гродна перабраліся дзеля жонкі, якой прапанавалі працу выкладчыка на філфаку. І здарылася гэта якраз тады, калі ў Лідзе вось-вось павінны былі атрымаць кватэру. Зноў усё з нуля, але разуменне патрэбаў адзін аднаго, павага, каханне, якое пранеслі праз усё жыццё, давалі сілы і рашучасці ісці далей. У Гродне хірург ад бога Міхаіл Сяргеевіч Канюшкевіч вельмі хутка стаў вядомым сярод калег, узначаліў хірургічнае аддзяленне Гродзенскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы, дзе адслужыў верай і праўдай 26 гадоў. Тысячы аперацый, тысячы выратаваных жыццяў. Але на гэтым працоўная дзейнасць хірурга не прыпынілася: калі перастаў аперыраваць, яшчэ шмат гадоў працаваў на прыёме ў раённай паліклініцы, амаль да васьмідзесяці гадоў. Агульная колькасць працоўнага стажу – 56 гадоў. Толькі нядаўна, на пачатку кастрычніка, вырашыў канчаткова пайсці на адпачынак па стане здароўя.
Пасля сняданку да размовы далучылася Марыя Іосіфаўна, як сапраўдны філолаг, гаварыла шмат, успамінала розныя выпадкі са свайго жыцця, паказвала фотаздымкі і ўзнагароды, каменціравала. Самай дарагой лічыць дзяржаўную ўзнагароду Беларусі, якую ўручаў Аляксандр Лукашэнка, — медаль Францыска Скарыны, што атрымала ў 2004 годзе. Лёс Марыі Іосіфаўны ў навуцы склаўся ўдала. На яе думку, жыццё давала авансы, якія трэба было адпрацоўваць, і добрых людзей. З удзячнасцю ўспамінае свайго выкладчыка, кіраўніка дыпломнай работы на філфаку БДУ Паўла Шубу, лічыць сябе не толькі яго студэнткай, але і прадаўжальніцай справы развіцця русістыкі на беларускай глебе.
Марыя Іосіфаўна як вучоны займаецца параўнальнай лінгвістыкай, гэта значыць, праводзіць параўнальны аналіз сінтаксісу беларускай і рускай моў. Самая значная праца – “Беларускія прыназоўнікі і іх аналагі” ў трох тамах. Таксама з’яўляецца аўтарам і сааўтарам шматлікіх навучальных дапаможнікаў для школ і вышэйшых навучальных устаноў. Працуе і цяпер, выкладае на філфаку, піша шмат навуковых артыкулаў. Іх у яе больш за трыста. За час сваёй працы ва ўніверсітэце аб’ездзіла ўсе краіны блізкага замежжа, была ўдзельніцай шматлікіх навуковых канферэнцый у краінах Еўропы. Але самым значным набыткам Канюшкевічаў з’яўляецца іх сям’я: сын, дачка, пяцёра ўнукаў і праўнук. Яны ганарацца імі, падтрымліваюць, разумеюць, прабачаюць іх памылкі і хібы ў пошуках сябе, бо разумеюць, што шлях да самога сябе часам бывае доўгім і няпростым.
Есць у сям’і і агульнае хобі – летнік, дзе яны праводзяць вольны час. Марыя Іосіфаўна захапляецца кветкамі, у кватэры таксама падаконнікі застаўлены маленькімі вазончыкамі, у якіх цвітуць кветкі розных гатункаў.
Несучы ёмісты пакунак з экспанатамі да тралейбуснага прыпынку, трошкі зайздросціла гэтай цудоўнай пары. Якое гэта шчасце – пражыць разам столькі гадоў, прайсці праз усе цяжкасці і зберагчы каханне і павагу, стаць прыкладам для дзяцей і ўнукаў. Няхай і надалей шчасціць ім, хай лёс дае доўгае і плённае жыццё.
Алена АБРАМЧЫК,
навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага краязнаўчага музея