Служба сясцёр міласэрнасці з’яўляецца ў многім візітнай карткай Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Створана яна для аказання медыка-сацыяльнай дапамогі найбольш неабароненым групам насельніцтва — людзям з абмежаванымі магчымасцямі, адзінокім састарэлым грамадзянам. І невыпадкова гэтая задача ўскладзена менавіта на сясцёр міласэрнасці. Сэнс назвы  нібыта  нагадвае чалавеку, які знаходзіцца на абслугоўванні, што побач з ім — блізкія і амаль родныя людзі, гатовыя заўжды прыйсці на дапамогу і проста выслухаць.

— Адзінота — выпрабаванне не з лёгкіх. Для састарэлага чалавека гэтая ноша ўдвая цяжэйшая, — гаворыць Вольга Васільева, сястра міласэрнасці Дзятлаўскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства  Чырвонага Крыжа. — Па сваім вопыце як сястры міласэрнасці, і як сацыяльнага работніка ў мінулым, ведаю, што для адзінокіх састарэлых людзей вельмі важна, каб з імі проста пагутарылі, выслухалі іх.

Участак, які абслугоўвае Вольга, — гэта Казлоўшчына і некалькі вёсак Казлоўшчынскага сельсавета. На абслугоўванні жанчыны — сем чалавек, двое з іх — ляжачыя. Вольга наведвае іх штодзённа, астатніх — праз дзень.

Уборка ў хаце, прыгатаванне ежы, пакупка прадуктаў, санітарна-гігіенічная дапамога хворым  людзям,  — усё гэта ўваходзіць у абавязкі жанчыны, якая працуе на добраахвотных асновах.

— Работа з адзінокімі састарэлымі людзьмі — не з лёгкіх.  У кожнага свой характар, свой погляд на свет,  аднак за іх плячыма — пражытае жыццё, назапашаны вопыт, — разважае Вольга. — У іх ёсць чаму павучыцца, і таму  да старасці варта ставіцца з павагай, мы ж таксама калісьці будзем старымі.

За той час, які я працую сястрой міласэрнасці Чырвонага Крыжа, мае падапечныя  ставяцца да мяне як да роднай дачкі. Заўжды чакаюць майго прыходу. А я ў сваю чаргу вельмі рада, што магу дапамагаць гэтым людзям.

IMG_8702

Разам з Вольгай сястрой міласэрнасці ў раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа працуе і Аляксандра Варашыліна. Яна абслугоўвае сем чалавек, якія жывуць у Дзятлаве.

— Усе яны — выдатныя людзі, — зазначае Аляксандра.— У кожнага з іх — свая жыццёвая дарога. Іх цікава паслухаць. І калі я часам сумую, яны падбадзёрваюць мяне, раючы “не раскісаць” і ніколі не апускаць рукі.

— Аказанне медыцынскай і сацыяльнай дапамогі адзінокім хворым і састарэлым людзям, — задача вельмі складаная, аднак вельмі неабходная, — зазначае Галіна Касцюк, старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа. —  І невыпадкова яна ўскладзена на сясцёр міласэрнасці — гэта  прафесія, якая знаходзіцца на стыку аховы здароўя і сацыяльнай абароны.

Патлумачу і тое, што не кожны чалавек можа стаць падапечным гэтай службы. На даму сёстры міласэрнасці наведваюць адзінокіх хворых людзей або тых, у каго ёсць родныя, якія жывуць далёка або па аб’ектыўных прычынах не могуць іх наведваць. Такія звесткі павінны быць дакументальна пацверджаны. І перш чым чалавек становіцца падапечным , запаўняецца адпаведная рэгістрацыйная картка,  у якой ўказваецца дыягназ чалавека. Дадзеныя  медыцынскія звесткі дае  ўчастковы тэрапеўт.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Фота Н. АВЯРЧУК

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации