Напярэдадні новага навучальнага года ў Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці сабраліся педагогі раёна, каб падвесці вынікі мінулага навучальнага года, акрэсліць задачы на наступны год. Удзел у педагагічнай нарадзе прынялі старшыня Дзятлаўскага райвыканкама А. М. Дубовік, старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў А. С. Бараноўскі, начальнік аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама С. С. Кавалеўская.
Па традыцыі, распачалося мерапрыемства са знаёмства з маладымі педагогамі, якія папоўнілі настаўніцкія шэрагі Дзятлаўшчыны. Сёлета у наш раён прыехалі працаваць 32 маладыя педагогі.
З духоўным наказам да іх звярнуўся дырэктар Гезгалаўскай сярэдняй школы Э. І. Ненартовіч. Ён пажадаў маладым калегам здароўя і поспехаў на адукацыйнай ніве, творчых і працоўных дасягненняў.
Ад імя маладых педагогаў слова трымала настаўніца беларускай мовы і літаратуры М. М. Нячай.
Вынікі мінулага навучальнага года, задачы на год сёлетні ў сваім дакладзе агучыла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Н. С. Белавус.
Як дасягаюцца творчыя поспехі і напрацоўкі, нараджаюцца адукацыйныя праекты? На гэтыя пытанні адказалі самі настаўнікі. У сваіх справаздачах яны закранулі аспекты развіцця пазнаваўчай і творчай дзейнасці навучэнцаў, узаемадзеяння сям’і і ўстановаў адукацыі, сацыяльнага партнёрства як сістэмаўтваральнага кампанента адукацыйнай прасторы.
Урачыстым момантам нарады стала ўзнагароджанне лепшых работнікаў сістэмы адукацыі Дзятлаўшчыны. Узнагароды ім уручалі старшыня Дзятлаўскага райвыканкама А. М. Дубовік, старшыня раённага Савета дэпутатаў А. С. Бараноўскі, начальнік аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі ўпраўлення адукацыі аблвыканкама С. С. Кавалеўская, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Н. С. Белавус.
Завяршылася раённая педагагічная нарада святочным канцэртам.
А. ДУБРОЎСКАЯ
Фота Б. ВАРНЫ