Кожны беларус у сярэднім выкідвае 350 кг смецця за год, а мінчане – усе 500 кг. З-за няправільнай сарціроўкі на перапрацоўку адпраўляецца толькі 17 % другасных адходаў.
Калі правільна раздзяляць смецце па розных кантэйнерах у двары, выйграюць усе: гараджане, прырода і дзяржаўная эканоміка. Каб было прасцей разабрацца ў гэтай тэме, Дзятлаўскае РУП ЖКГ падрыхтавала падказкі.
ПАПЕРА
Самае галоўнае, каб смецце было чыстым. Не кідайце ў такі кантэйнер каробкі ад піцы і аднаразовы папяровы посуд, сурвэткі і туалетную паперу.
Факсы і чэкі – чыстая папера, але яе таксама нельга туды кідаць. У склад чэкаў уваходзіць таксічнае рэчыва бісфенол А, якое забруджвае астатнюю перапрацаваную паперу. Акрамя таго, у чэкавай стужцы мала цэлюлозы, а большую частку складае палімерны пласт, які перашкаджае перапрацоўцы.
Што можна?Блакноты, сшыткі, дакументы, каляровую паперу, паштоўкі, календары, альбомы для малявання, газеты, часопісы. Яшчэ можна выкідваць чыстыя каробкі ад цукерак, упаковачны кардон, кардонныя кантэйнеры для яек, калі яны чыстыя.
Важна!
Прыбярыце з паперы сашчэпкі, скобы, спружыны і клейкія ўстаўкі. Яшчэ туды трэба выкідваць газеты і часопісы.
ПЛАСТЫК
З сартаваннем пластыку ўсё даволі проста: у кантэйнер адпраўляюцца бутэлькі ад напояў, малака, шампуняў, бытавой хіміі, а таксама фасовачныя пакеты і “майкі”, упаковачная плёнка, нават каністры, тазы і пластыкавыя вёдры.
Важна!
Не выкідвайце ў пластык баначкі ад смятаны і ёгуртаў, аднаразовы посуд, зубныя шчоткі, цюбікі ад зубной пасты, абгорткі ад цукерак, упакоўкі ад чыпсаў. І любую брудную рэч, якая магла б ісці ў перапрацоўку.
ШКЛО
У кантэйнер для шкла кідайце пустыя бутэлькі ад напояў (алкаголю, вады), слоічкі ад дзіцячага харчавання, флаконы ад лекаў, бітае шкло.
Лямпачкі, аконнае і аўтамабільнае шкло, люстэркі, шкляны посуд, крышталь – адпраўляем у агульны кантэйнер або ў буйнагабарытнае смецце.
Важна!
Ёсць рэчы, якія ні ў якім разе нельга выкідваць у звычайнае смецце. Батарэйкі і акумулятары здавайце ў спецыяльныя кантэйнеры ў магазінах. Але яны не павінны быць пашкоджаны. Усю электроніку (ад шнуроў і флэшак да тэлевізараў і камп’ютараў) і бытавую тэхніку здавайце ў прыёмныя пункты Дзятлаўскага РУП ЖКГ, можна заказаць вываз з дому па тэл. 6-68-36.
Наталля СКІБІНСКАЯ,
майстар па добраўпарадкаванні Дзятлаўскага РУП ЖКГ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #ГОД БЛАГОУСТРОЙСТВА