У маляўнічым кутку Міншчыны, каля вадасховішча Крыніцы, знаходзіцца санаторый з аднайменнай назвай – “Крыніца”.

Вельмі проста дабірацца да яго са сталіцы: усяго хвілін 15-20 — і на месцы. Да Ждановічаў электрычкі ходзяць, ды і маршруткі  таксама, вельмі часта. У гэтых мясцінах, беларускіх курортных, знаходзіцца не толькі “Крыніца”, а і  санаторый “Пралеска”, дзіцячы аздараўленчы цэнтр “Ждановічы”.

Тут у любую пару года папраўляюць сваё здароўе і адпачываюць не толькі беларусы, але і жыхары блізкага і далёкага замежжа.  Паколькі аздараўленчая ўстанова  належыць да сістэмы санаторыяў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Белпрафсаюзкурорт”, то пуцёўкі выдзяляюцца і жыхарам нашага раёна.

Вось і нядаўна там адпачывалі Барыс Васільевіч Мацюшка з КСУП “Хвінявічы” і яго матуля Валянціна Пятроўна Козырава.

Чым жа вабіць санаторый беларусаў і замежных адпачывальнікаў? Адказ на гэтае пытанне я напачатку паспрабавала знайсці па водгуках у інтэрнэце. Пішуць пра даступныя цэны, невялікую адлегласць да Мінска, дзе можна пашырыць свой кругагляд праз тэатры, музеі, канцэрты, захапляюцца навакольнай прыродай, адзначаюць карэктнасць і прафесіяналізм персанала. А вось чамусьці пра медыцынскія працэдуры, медыцынскае аснашчэнне водгукаў, лічы, няма.

Між тым, санаторый “Крыніца” мае някепскую дыягнастычную базу, унікальную мінеральную ваду.

Вось пра гэта даведалася непасрэдна ў санаторыі.У “Крыніцы” на тры дні спыняліся мы, журналісты, удзельнікі чацвёртага Форума “Роля рэгіянальных СМІ ў развіцці сацыяльнага партнёрства”

Як высветлілася,“Крыніца” можа прыняць да 450 чалавек, бо чатыры спальныя корпусы маюць больш за 270 камфортных нумароў. Зразумела, хто прывык спыняцца ў “каралеўскіх” апартаментах, мясцовая абстаноўка будзе здавацца, магчыма, простай. Але ж сюды едуць лячыцца, а не праводзіць час у шыкоўных нумарах з выглядам на мора ці горы.Маё такое меркаванне: калі чыста, утульна, вынікова лечаць, ёсць дзе бавіць вольны ад працэдур час, то і адзнакі санаторый заслугоўвае станоўчай.

Санаторый “Крыніца” прымае наведвальнікаў з хваробамі органаў стрававання, дыхання, кровазвароту, а таксама з праблемамі жаночых тазавых органаў. Тут аказваюць больш за 500 працэдур, і з кожным годам іх колькасць павялічваецца. Сярод запатрабаваных – гразелячэнне, іголкарэфлексатэрапія,водаратэрапія,лакальная крыатэрапія, розны гідрамасаж, гірудатэрапія (п’яўкамі). Калі хто цікавіцца ўсім аб’ёмам паслуг, то варта зайсці на сайт санаторыя “Крыніца”, бо пералічыць усё немагчыма. Але варта асобна сказаць пра мясцовую мінеральную ваду. Выкарыстоўваць яе пачалі з 1965 года, і да цяперашняга часу яна такі ж лекар, як і паўстагоддзя таму. “Крынічная” вада падобная па сваім складзе да трускавецкай, новаіжэўскай, міргарадскай. Яна ўтрымлівае мікраэлементы брому, магнію,кальцыю, фтору.

Зразумела, найлепш сюды прыехаць у цёплы час, але і цяпер тут някепска. Калі закончаны працэдуры, можна пагуляць па наваколлі. На вадасховішчы зімуе шмат лебедзяў, качак. Корпусы размешчаны сярод сасновага лесу, і дыхаецца лёгка. Ёсць дарожкі для прабежак, спартыўныя трэнажоры. А ў памяшканнях да паслуг спартыўная зала, більярд, бібліятэка. Размешчаны на тэрыторыі санаторыя крамы, рэстаран, кафэ.

Іна ЯЎСЕЙЧЫК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup

Похожие публикации