У Год беларускай жанчыны сектарам спорту райвыканкама ў Тэлеграм-канале “Пул Дзятлаўскі” быў запушчаны чэлендж “Шлях да здароўя”, які праходзіць пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь” і “Беларускі саюз жанчын”.

Мерапрыемства скіравана на папулярызацыю актыўнага стылю жыцця і добрых звычак жыхарак Дзятлаўшчыны, якія не толькі вельмі працавітыя, але і гарманічна ўмеюць спалучаць справы і адпачынак, заставацца здаровымі.

Першай пераможцай чэленджу стала дзятлаўчанка Галіна Бялевіч.

Сімвалічную брошку – кветку васілька – ёй уручыла старшыня раённай арганізацыі ГА “БСЖ” Алена Васкель. З пажаданнямі заставацца бадзёрай, актыўнай і жыццярадаснай да віншавальнай эстафеты з памятным падарункам ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” далучылася Вольга Рагачова. Часцей і з задавальненнем наведваць трэнажорную залу запрасіла кіраўнік раённага фізкультуна-спартыўнага клуба Вольга Васіленка.

– Я пенсіянерка, мне 68 гадоў, ужо дзевяць з іх з’яўляюся ўдзельніцай клуба “Нам гады не бяда”, – падзялілася ўражаннямі Галіна Бялевіч. – Пасяджэнні клуба наведваю рэгулярна, як і сумесныя мерапрыемствы. Разам з сяброўкамі па аб’яднанні двойчы на тыдзень ходзім у трэнажорную залу, дзе з намі займаецца інструктар ФСК Мікалай Бурак. Захапляцца спортам і падтрымліваць сваё здароўе – заўжды прыемна. Прызнацца, не чакала, што стану пераможцай чэленджу. Вельмі радая. Буду агітаваць сваіх дзяўчат з клуба “Нам гады не бяда” далучацца і паўдзельнічаць.

Як было прынята рашэнне наконт чэленджу, расказала спецыяліст сектара спорту райвыканкама Наталля Калодка:

– Азнаёміўшыся з рэспубліканскім планам да Года беларускай жанчыны, мы ўбачылі, што ў ім ёсць раздзел, які мае спартыўную скіраванасць. Вырашылі, што на Дзятлаўшчыне трэба арганізаваць нешта актыўнае, спартыўнае, каб паказаць дзятлаўчанак з іншага боку. Так узнікла задумка чэленджу. Гэта першае, але не адзінае мерапрыемства: на ўзбраенні шмат ідэй, але інтрыгу захаваем, каб атрымаўся прыемны сюрпрыз. Паколькі ў наш час сацыяльныя сеткі найбольш папулярныя сярод сродкаў масавай інфармацыі, то разам з аддзелам ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, ФСК, грамадскімі аб’яднаннямі ў Тэлеграм-канале запусцілі чэлендж “Шлях да здароўя”. У маладосці мы поўныя сіл, аднак у кожным узросце свая актыўнасць. Таму паўдзельнічаць у нашым чэленджы можа любая жанчына, незалежна, колькі ёй гадоў. Актыўнасць можа быць рознай: ад звычайнай дынамічнай хады, якая таксама з’яўляецца кардыятрэніроўкай, да наведвання спартзалы, ёгі, сплаву на байдарках. Прызёра – жанчыну-амбасадора месяца – выбіраем з дапамогай генератара выпадковых лічбаў. Галіна Іосіфаўна стала жанчынай-амбасадорам сакавіка (менавіта тады запушчаны чэлендж).

Кожны тыдзень па чацвяргах на пляцоўцы Тэлеграм-канала “Пул Дзятлаўскі” мы будзем называць новых удзельніц, а напрыканцы месяца – выбіраць амбасадора. Безумоўна, усіх пераможцаў будзе чакаць прыемны сюрпрыз. Запрашаем дзятлаўчанак да ўдзелу ў чэленджы. Давайце з вамі пакажам, наколькі мы розныя ў сваім развіцці: умеем спалучаць працу, сям’ю, дзяцей, дом, работу і знаходзіць час для сябе.   

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае 

About Author
administrator
View All Articles

Похожие публикации