Калі пойдзеце працаваць? Такое пытанне было накіравана асобам, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі, не занятыя працай без уважлівых прычын. Іх запрасілі на мерапрыемства па аказанні садзейнічання ў працаўладкаванні такім грамадзянам, якое праводзілася ў аддзеле ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама.

У ім прынялі ўдзел пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго, начальнік АУС райвыканкама Вадзім Шчурскі, прадстаўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, арганізацый-працадаўцаў.

Вадзім Васільевіч адзначыў, што галоўная прычына, па якой запрасілі беспрацоўных, – гэта тое, што яны не занятыя ў эканоміцы і не маюць законнай крыніцы даходаў, пастаяннага месца работы:

– У супрацоўнікаў міліцыі ёсць шмат значных рычагоў уздзеяння на вас, каб або прымусіць да працаўладкавання, або прымяніць меры прэвентыўнага ўздзеяння ў выпадку, калі вы катэгарычна будзеце адмаўляцца афіцыйна працаваць. За 2024 год у ЛПП было ізалявана 40 чалавек, за пачатак гэтага года – ужо 9. Гэта ўсе грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы. Таму калі вы не будзеце праяўляць ініцыятывы і катэгарычна адмаўляцца працаўладкоўвацца, будзе прымацца такая сур’ёзная мера.

Грамадзянам, якіх запрасілі на гэту сустрэчу, задавалі, здавалася б, простыя пытанні: чаму яны не працуюць і калі збіраюцца працаўладкоўвацца? Адказы пачулі адзін лепшы за другі: няма прапіскі, працоўная кніжка засталася на былым месцы работы ў другім раёне, праходзяць медкамісію, няма чым дабірацца, а то і ўвогуле сабака пагрыз пашпарт. Кожны знаходзіў свае прычыны і адгаворкі, каб не працаваць. Выходзіць, ім гэта не патрэбна, хаця кожнаму прапаноўвалі канкрэтныя вакансіі, ды не адну, а на выбар.

– Яшчэ раз нагадаю: хто не хоча працаваць, паедзе ў ЛПП, – зазначыў Віталій Юрго. – Нікога шкадаваць не будзем. Калі чалавек, які стаіць на ўліку, будзе ўхіляцца ад працаўладкавання, яго чакае адміністрацыйная адказнасць. Не знойдзеце работу самастойна, якую хочаце, будзеце працаваць там, дзе вас прымусяць.

Віталій Станіслававіч заўважыў, што працу знайсці можна, галоўнае, было б жаданне, тым больш што ў раёне на сёння каля 600 вакансій, з іх 400 – па рабочых спецыяльнасцях. Кожны тыдзень гэтых грамадзян будуць правяраць, пакуль яны не працаўладкуюцца.

Некаторыя з прысутных згадзіліся на прапанаваныя вакансіі, іншыя паабяцалі, што бліжэйшым часам самі знойдуць работу. Будзем спадзявацца, што сумленне і розум возьмуць верх над абыякавасцю і бязладнасцю.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Предыдущая новость

Похожие публикации