Інспектар дзяржаўнага пажарнага нагляду. У чым асаблівасць гэтай прафесіі? Аб гэтым карэспандэнтка газеты пагутарыла са старшым інспектарам дзяржаўнага пажарнага нагляду Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргеем Кухарчыкам.

Photo 003

— Сяргей Іванавіч, як вы прыйшлі ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях?

— Пасля армейскай службы паўстала пытанне выбару далейшага працоўнага шляху. Я зрабіў яго на карысць раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях — прыйшоў працаваць дыспетчарам цэнтра аператыўнага кіравання аддзела. На гэтай пасадзе служыў 10 гадоў.

Па прапанове начальніка аддзела Уладзіміра Аляксандравіча Нячаева паступіў у Мінскі камандна-інжынерны інстытут, і ўжо пасля трэцяга курса завочнага навучання быў прызначаны інспектарам дзяржаўнага пажарнага нагляду. Праз два гады — старшым інспектарам.

— Якія асноўныя кірункі работы старшага інспектара пажарнага нагляду?

— Гэта кантроль за ходам будаўніцтва і прыём у эксплуатацыю аб’ектаў  на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна. Акрамя гэтага,кантроль, улік, планаванне праверак пажарнай бяспекі аб’ектаў.

Дадзеныя паўнамоцтвы  інспектара пажарнага нагляду вызначаны адпаведным указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Таксама, як і для ўсяго асабовага складу інспекцыі пажарнага нагляду, у мае абавязкі ўваходзіць праверка стану пажарнай бяспекі ў жылым сектары. Яна праводзіцца кожны чацвер.

— Якія сельскія саветы замацаваны за вамі?

— Вензавецкі і Жукоўшчынскі. Я ўвахожу у склад аглядавай камісіі гэтых сельвыканкамаў, прымаю ўдзел у днях прафілактыкі, якія праходзяць на іх тэрыторыі.

— А ці звяртаюцца да вас жыхары , каб атрымаць кансультацыйную дапамогу ў свайго участковага інспектара?

— Так, звяртаюцца. Тэлефануюць, задаюць пытанні, якія іх цікавяць. Напрыклад, вясной і восенню частае пытанне, як правільна спальваць смецце, каб не парушаць правілы пажарнай бяспекі і потым не быць прыцягнутымі да адміністрацыйнай адказнасці. Адказныя людзі перш пракансультуюцца наконт гэтага, каб пасля не мець непрыемнасцяў.

— Сяргей Іванавіч, з чаго пачынаецца ваш працоўны дзень?

— З  планавання, якое ўлічвае тыя мэты і задачы службы, пастаўленыя перад інспекцыяй непасрэдна кіраўніцтвам аддзела, абласнога упраўлення. З улікам гэтага ідзе паэтапная работа.

— А ці ёсць у вас службовае крэда?

— Пастаўленыя задачы неабходна выконваць своечасова.

— А жыццёвы дэвіз?

— Да ўсяго трэба ставіцца адказна.

— З улікам свайго вопыту службы, што параіце маладым спецыялістам, якія толькі пачынаюць працаваць у інспекцыі пажарнага нагляду?

— Абавязкова павінна быць жаданне працаваць. Акрамя гэтага, паступіўшы на службу, неабходна яшчэ шмат вучыцца. І тут дапамогуць старэйшыя калегі.

Таксама неабходна дэталёва ведаць адпаведную нарматыўныю базу, дзеля таго каб стаць граматным спецыялістам і правільна прымаць рашэнні. Ну і вядома, у нашай справе важна ўмець ладзіць стасункі з людзьмі.

— Сяргей Іванавіч, а чым вы захапляецеся ў вольны ад службы час?

— Яшчэ са школьных часоў мне падабаецца спорт. Нават пасля заканчэння школы была  думка пайсці далей менавіта па гэтым шляху.

З першага класа займаўся футболам, наведваў футбольную секцыю. З 4-5 класа захапіўся  баскетболам. Уваходзіў у склад школьных камандаў па гэтых відах спорту.  Пазней, ужо працуючы у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, быў у камандзе па міні-футболе.

— Напэўна, ёсць у  вас і любімая футбольная каманда, за якую “хварэеце”?

— Пэўнай няма. Падабаецца футбол увогуле. Заўсёды стараюся сачыць за гульнямі лігі Еўропы, лігі чэмпіёнаў. Таксама падабаецца  і хакей.

— А ці любіце чытаць?

— Пераважна — навіны. Імкнуся быць у курсе тых падзеяў, якія адбываюцца ў краіне, у свеце ў цэлым.

—  А якому кіно аддаяце перавагу?

— Стужкам пра вайну, дэтэктывам з цікавым сюжэтам.

— Напрыканцы размовы, чаго пажадаеце сваім калегам напярэдадні прафесійнага свята?

— Цярпення ў нашай нялёгкай рабоце, здароўя, павагі да сваіх калегаў.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Фота П. АДАМЧУКА

About Author
administrator
View All Articles
Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации