Шосты Усебеларускі народны сход, які павінен адбыцца ў студзені 2021 года, задасць курс развіцця Беларусі на наступную пяцігодку.
Напярэдадні ўсерэспубліканскага форуму рэгіёны рахункуюць вынікі работы за мінулыя пяць гадоў.
Як у гэты перыяд працавалі прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу Дзятлаўскага раёна, расказала начальнік аддзела фінансавання, прагназавання і справаздачнасці ў аграпрамысловым комплексе ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Марыя Ціхан.
– Сельскагаспадарчая галіна Дзятлаўскага раёна прадстаўлена васьмю камунальнымі сельскагаспадарчымі ўнітарнымі прадпрыемствамі, адным адкрытым акцыянерным таварыствам, трынаццаццю фермерскімі гаспадаркамі.
Агульная зямельная плошча, якой валодаюць сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, складае 62 тысячы гектараў, у тым ліку плошча сельскагаспадарчых угоддзяў – 54,8 тысячы гектараў, плошча ворыва – 35,6 тысячы гектараў. У сярэднім на адно сельгаспрадпрыемства даводзіцца 6 тысяч гектараў сельгасугоддзяў і 3,9 тысячы гектараў ворыва.
У галіне сельскай гаспадаркі занята больш за 2,1 тысячы работнікаў.
Асноўнымі відамі таварнай прадукцыі раслінаводства з’яўляецца зерне, цукровыя буракі, бульба, рапс, ільнотраста, у жывёлагадоўлі – малако, мяса буйной рагатай жывёлы і свіней, развіваюцца авечкагадоўля і трусагадоўля.
На працягу 2016-2020 гадоў у раслінаводстве адбыліся змены ў структуры пасяўных плошчаў. Павялічваюцца плошчы пад вырошчванне больш рэнтабельных відаў: збожжа, рапсу. З мэтай забеспячэння пагалоўя буйной рагатай жывёлы збалансаваны рацыён кармлення: значна павялічаны плошчы пад кукурузу на сілас – 5745 гектараў. Нарыхтоўка сіласу з кукурузы вырасла ў 1,5 раза ў параўнанні з 2015 годам. Дзякуючы зладжанай рабоце калектываў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў у 2020 годзе сабрана больш за 60 тысяч тон збожжавых і зернебабовых культур з кукурузай у першапачаткова апрыходаванай вазе пры сярэдняй ураджайнасці 37,2 ц/га. Валавы збор рапсу – 5,4 тысячы тон пры сярэдняй ураджайнасці 22,9 ц/га. Сабрана 4,5 тысячы тон бульбы, 35,6 тысячы тон цукровых буракоў, 314 тон агародніны, 188 тон пладоў, нарыхтавана 1660 тон ільновалакна. Разам з сельскагаспадарчымі арганізацыямі вырошчваннем ільнопрадукцыі займаецца адкрытае акцыянернае таварыства “Дварэцкі льнозавод”. На арандаваных землях вырошчваецца 1196 гектараў лёну.
Бясспрэчным лідарам у вытворчасці прадукцыі раслінаводства з’яўляецца ААТ “Граніт-Агра”, у якім ураджайнасць збожжавых і зернебабовых культур у 2020 годзе склала 57,2 ц/га, рапсу – 44,6 ц/га, цукровых буракоў – 500 ц/га.
У структуры вырабленай прадукцыі сельскай гаспадаркі валавая прадукцыя галіны жывёлагадоўлі складае больш за 56 %. Вытворчасцю малака ў раёне займаюцца 29 малочнатаварных ферм, 12 з якіх пабудаваны і рэканструяваны па новых тэхналогіях з беспрывязным утрыманнем жывёлы. На гэтых малочнатаварных фермах утрымліваецца 7799 кароў (66,3 % ад усяго пагалоўя), якія даюць 75 % ад агульнага валавога надою малака ў сельгасарганізацыях. За пяцігодку завершана рэканструкцыя малочнатаварных ферм у КСУП “Войневічы”, “Белагурна”, “Слава працы”. Чакаецца, што валавая вытворчасць малака па выніках 2020 года складзе 52,3 тысячы тон (103,4 % да 2015 года), надой на адну карову – 4420 кілаграмаў (+290 кілаграмаў). Значна палепшылася якасць рэалізуемага малака: гатункам “Экстра” рэалізуецца 45 % малака. Рэнтабельнасць вытворчасці малака вырасла на 15 % і складае 37,4 %. Атрымана больш за 6 мільёнаў рублёў прыбытку.
Неабходна адзначыць работу жывёлаводаў па вытворчасці малака ў ААТ “Граніт-Агра”, дзе надой на адну карову складзе больш за 7 тысяч кілаграм, КСУП “Хвінявічы” – 6 тысяч кілаграм, КСУП “Жукоўшчына” і “Войневічы” – больш за 5 тысяч кілаграм.
У сельскагаспадарчых арганізацыях вырабляецца больш за 4 тысячы тон прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы і 2,8 тысячы тон прадукцыі вырошчвання свіней. Сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы складаюць 530 грамаў, свіней – 518 грамаў. Стабільна працуюць па атрыманні сярэднясутачных прывагаў буйной рагатай жывёлы ААТ “Граніт-Агра”, дзе сярэднясутачная прывага складае больш за 740 грамаў, КСУП “Хвінявічы” – 621 грам. Штогод у сельскагаспадарчых арганізацыях раёна праводзіцца абнаўленне машынна-трактарнага парку. За пяцігодку набыта 13 трактароў, 4 кормаўборачныя камбайны, 9 трактарных касілак, больш за 20 адзінак іншай сельскагаспадарчай тэхнікі.
Паляпшаецца фінансавы стан сельскагаспадарчых арганізацый. Сярэднямесячная заработная плата ў параўнанні з 2015 годам павялічылася ў 1,9 раза і склала 745 рублёў у сярэднім па галіне сельскай гаспадаркі. У ААТ “Граніт-Агра” сярэднямесячная заработная плата складае 927 рублёў, КСУП “Хвінявічы” – 869 рублёў, КСУП “Войневічы” – 781 рубель.
Калі ў 2015 годзе сельскагаспадарчая галіна раёна працавала са стратамі, то ў 2020 годзе чакаем больш за 3,5 мільёна чыстага прыбытку пры рэнтабельнасці 7 %.
Ірына СТЫРНІК