Юны ўзрост можа зберагчы дзіця ад лавы падсудных, але не ад злачынства, і задача дарослых – больш размаўляць з дзецьмі і тлумачыць ім паняцці “можна” і “нельга”, прычым тлумачыць змястоўна, з рэальнымі жыццёвымі прыкладамі.
Менавіта на прафілактыку супрацьпраўных паводзінаў сярод дзяцей і падлеткаў было скіравана адкрытае выязное пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, якое прайшло на базе Гезгалаўскай сярэдняй школы. “Пляцоўка” для сур’ёзных рашэнняў была выбрана невыпадкова: у сёлетнім верасні двое навучэнцаў установы хадзілі рыбачыць на мясцовае вадасховішча, адкуль забралі чужыя вуду і складны стульчык, якія, як здалося дзецям, былі згублены гаспадаром, а значыць, сталі “нічыйнымі”.

Тое, што нават згубленыя рэчы “нічыйнымі” не бываюць і належаць вяртанню гаспадару, а ўчынак школьнікаў кваліфікаваны як крадзеж, здзейснены групай асобаў, і толькі юны ўзрост злодзеяў паспрыяў адмове ва ўзбуджэнні на іх крымінальнай справы, члены камісіі пастараліся данесці і да іншых навучэнцаў школы, якія прысутнічалі на адкрытым пасяджэнні.
Крыху пазней у закрытым рэжыме былі прыняты рашэнні па адміністрацыйных справах на чатырох бацькоў непаўналетніх парушальнікаў за неналежнае выкананне бацькоўскіх абавязкаў, якое паспрыяла здзяйсненню злачынства іх сынамі, а таксама вырашана пытанне, ці накіроўваць старэйшага хлопчыка- “падбухторшчыка” ў навучальную ўстанову закрытага тыпу.
На пачатку пасяджэння старшыня камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Вадзім Бялятка расказаў навучэнцам Гезгалаўскай сярэдняй школы аб функцыі і кірунках дзейнасі гэтага органа прафілактыкі, а дырэктар установы Эдуард Ненартовіч прадставіў прысутным членаў камісіі.
Каб было зразумела, як менавіта адбыўся супрацьпраўны ўчынак, сітуацыю разабралі ў дэталях, выслухалі аповед кожнага з юных парушальнікаў, меркаванні іх бацькоў.
Як аказалася, вераснёўскім надвячоркам хлопчыкі рыбачылі на вадасховішчы, у кожнага з іх была свая вуда, на значнай адлегласці ад іх рыбачыў і бацька старэйшага школьніка. У нейкі момант старэйшы рыбак заўважыў, што на беразе знаходзяцца вуда і складны стульчык, да якіх вельмі доўга ніхто не падыходзіць. Навучэнец палічыў іх нічыйнымі і вырашыў забраць з сабой, а паколькі несці аднаму ўсе рэчы было цяжка, аб дапамозе папрасіў малодшага сябра, паслаўшыся на тое, што даставіць усё дамоў яму наказаў тата. Малодшы сябар з гатоўнасцю пачаў дапамагаць, нават не ўсведамляючы, што ператвараецца ў саўдзельніка крадзяжу.

Калі гаспадар рэчаў вярнуўся на сваё рыбнае месца, маёмасці ён не знайшоў і звярнуўся з заявай у міліцыю.
Дарэчы, бацькі непаўналетніх даведаліся аб іх супрацьпраўным учынку толькі ў момант разбіральніцтваў.
Пазней старэйшы школьнік апраўдваўся, быццам меркаваў у далейшым вярнуць “згубленыя” вуду і стульчык гаспадару, аднак аб сваёй знаходцы ні бацькам, ні педагогам, ні праваахоўнікам ён не паведаміў, таму ўчынак і быў расцэнены як групавы крадзеж, а ён сам як падбухторшчык.
– Дзеці, памятайце, чужое браць нельга – гэта крадзеж, – звярнулася да ўсіх прысутных навучэнцаў начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская. – У нашым раёне ёсць прыклады, калі людзі карысталіся знойдзенымі рэчамі, у тым ліку банкаўскімі карткамі, і на іх узбуджалі крымінальныя справы. Пра гэта вам расказваюць на класных і інфармацыйных гадзінах, у час прафілактычных мерапрыемстваў, дык не забывайце.
– Спадзяюся, калі чалавек выконвае работу над памылкамі, ён у далейшым не будзе іх учыняць, – выказала сваю думку ўжо ў адрас юных парушальнікаў Марына Лашкоўская.
– Мы запрасілі вас сюды не для таго, каб расказаць, што нехта кепскі, а нехта добры, – прадоўжыў тэму Вадзім Бялятка. – А каб вы з маладых гадоў усвядомілі, што за кожным парушэннем ідзе пакаранне. Зразумела, што ў раннім узросце да крымінальнай адказнасі не прыцягваюць, аднак для такіх дзяцей ёсць спецыяльныя закрытыя ўстановы, плюс за непаўналетніх парушальнікаў адказваюць іх бацькі. Памятайце: браць чужое нельга, а калі бачыце, што ваш равеснік гэтым займаецца – спыніце яго, зрабіце заўвагу, не рэагуе – раскажыце дарослым ці педагогам.
Старшыня камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, перш чым з імі развітацца, пажадаў навучэнцам-гледачам быць законапаслухмянымі людзьмі, старанна вучыцца і свой вольны час бавіць з карысцю для здароўя, розуму і іншых людзей.
У закрытым рэжыме прайшла другая частка пасяджэння. На ёй прынялі рашэнне аб вызваленні ўсіх чатырох бацькоў хлопчыкаў-парушальнікаў ад адміністрацыйнай адказнасці з вынясеннем ім афіцыйнага папярэджання. Дарослым патлумачылі, што на першы раз ім не трэба плаціць штраф, аднак парушэнне занесена ў адзіную базу, і на працягу года неабходна больш пільна сачыць за дзецьмі, каб не “зарабіць” важкія грашовыя пакаранні.
Далі члены камісіі апошні шанц на выпраўленне без накіравання ў навучальную ўстанову закрытага тыпу і старэйшаму хлопчыку-злодзею, бо ўлічылі яго станоўчыя характарыстыкі ў школе, ранейшыя правапаслухмяныя паводзіны і шчырае раскаянне.
Вадзім БЯЛЯТКА,
старшыня камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Сяргей АЛЯШКЕВІЧ,
намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Віктар ПЕТРУКЕВІЧ,
начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнт газеты “Перамога”, член камісіі
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga