Аграрыі Дзятлаўшчыны ведаюць слушную прыказку пра тое, што вясновы дзень год корміць, таму паступова ўваходзяць у новы сезон з самага пачатку каляндарнай вясны. У ААТ “Дварэц-Агра” ўносяць мінеральныя ўгнаенні пад азімыя сельскагаспадарчыя культуры.

– Тэмпература паветра – сем градусаў, самы час для работы ў полі, – тлумачыць начальнік участка ў раслінаводстве Сяргей Сямашка. – Пасля зімы культурам неабходны стымул да росту, таму праводзім падкормку шматгадовых траў і азімага рапсу сульфатам амонію, яшчэ падкормім азімыя пшаніцу і ячмень карбамідамі. Ужо не за гарамі вясновая пасяўная кампанія. Належыць пасеяць яравыя культуры – ячмень, пшаніцу, лубін, гарох, алейную рэдзьку. Тэхніка і насенне гатовы. Чакаем толькі, каб зямля прагрэлася да патрэбнай тэмпературы – і можна пачынаць.



Ранняя вясна ў полі – звыклая з’ява для вопытнага механізатара Сяргея Ляўкевіча. Што трэба роднай зямельцы, ён ведае не горш за агранома, бо жыве тут, у Дварцы, а з 2014 года нязменна працуе ў сельскай гаспадарцы.

– Усё ўмею і раблю, – ёміста вызначае сваё кола заняткаў земляроб. – Зімой, пакуль у нас зацішша, рыхтаваў тэхніку да сезона і падмяняў жывёлаводаў у адпачынку. Летам абавязкова ўдзельнічаю ва ўборачнай кампаніі на КЗС-1221, у мінулым годзе сваю тысячу тон узяў. Цяпер уношу мінеральныя ўгнаенні на самаходным апырсквальніку “Раса” з бункерам і палівачкай: трэба дапамагчы рапсу, травам ачуняць пасля зімы і ўвайсці ў сілу. Калі надвор’е будзе плюсавым, ужо хутка пойдзем сеяць кукурузу, а там – зноў актыўны сезон да позняй восені.

Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#сельское хозяйство #Дятловщина