Работа са зваротамі грамадзян павінна ахопліваць усю вертыкаль улады. Такое меркаванне 21 лістапада выказаў журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Рыгор Шлык.
“Апошнім часам кіраўнік дзяржавы неаднаразова падкрэсліваў, што ў рабоце са зваротамі грамадзян неабходна, па-першае, умець слухаць людзей і, самае галоўнае, чуць людзей. Работа са зваротамі грамадзян павінна ахопліваць не толькі тое структурнае падраздзяленне, якое ёю займаецца. Сёння гэта задача для дзяржаўных органаў усёй вертыкалі ўлады. У яе рашэннях неабходна задзейнічаць, на наш погляд, усе магчымыя механізмы, каб звесці на нішто любыя выпадкі фармалізму і бюракратызму”, – сказаў Рыгор Шлык.
Начальнік галоўнага ўпраўлення лічыць, што ў рабоце са зваротамі грамадзян павінны актыўней сябе праяўляць дэпутаты. “У гэтай рабоце больш актыўную дзейнасць неабходна разгарнуць народным выбраннікам. Таму мы прыйшлі да іх, каб абмеркаваць сённяшнюю сітуацыю, праблемы, намеціць планы на будучае”, – адзначыў ён.
Сёння Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі праводзіць круглы стол на тэму “Вывучэнне практыкі прымянення заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”. У мерапрыемстве прымаюць удзел прадстаўнікі галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, Камітэта дзяржаўнага кантролю, Канстытуцыйнага суда, кафедры псіхалогіі кіравання Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў. Сярод пытанняў, што абмяркоўваюцца, – парушэнне заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, асаблівасці парадку разгляду ініцыятыўных зваротаў упаўнаважаным органам у мэтах унясення прапаноў у Канстытуцыйны суд Беларусі, а таксама асновы эфектыўнага ўзаемадзеяння – як дабіцца ўзаемаразумення з рознымі катэгорыямі грамадзян.