Куды звяртацца па прызначэнне дапамог на дзяцей, калі бацькі працуюць у некамерцыйнай арганізацыі з сярэдняй колькасцю работнікаў да 15 чалавек?
Адказвае намеснік начальніка ўпраўлення – начальнік аддзела пенсій і дапамог упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Баравік:
– Парадак прызначэння і выплаты дзяржаўных дапамог сем’ям, якія гадуюць дзяцей, рэгулюецца нормамі Закона Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія гадуюць дзяцей”.
Месца назначэння дзяржаўных дапамог прапісана ў артыкуле 21 гэтага закона.
Так, дзяржаўныя дапамогі жанчынам, якія сталі на ўлік у
арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці; у сувязі з нараджэннем дзіцяці; па доглядзе дзіцяці да 3-х гадоў; сем’ям на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў і на дзяцей старэйшых за 3 гады з асобных катэгорый сем’яў прызначаюцца ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў выпадках, калі:
па-першае, абодва бацькі (маці (мачаха), бацька (айчым)) у поўнай сям’і, адзін з бацькоў у няпоўнай сям’і, усынавіцель (удачарыцель), апякун (папячыцель) дзіцяці працуюць у камерцыйных арганізацыях з сярэдняй колькасцю работнікаў да 15 чалавек уключна або калі яны працуюць у рэлігійных арганізацыях; з’яўляюцца святарамі;
па-другое, маці (мачаха) дзіцяці ў поўнай сям’і працуе ў камерцыйнай арганізацыі з сярэдняй колькасцю работнікаў да 15 чалавек уключна або ў рэлігійнай арганізацыі.
Такім чынам, калі арганізацыя з сярэдняй колькасцю работнікаў да 15 чалавек уключна некамерцыйная і пры гэтым не адносіцца да рэлігійнай, дзяржаўныя дапамогі выплачваюцца не ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, а ў самой арганізацыі.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga