У нашай сям’і гадуецца дзіця-інвалід старэйшае за 3 гады.
Жонка нідзе не працуе – ажыццяўляе яго догляд і ў органах сацыяльнай абароны атрымлівае дапамогу па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў. Ці можа мне быць прызначана па месцы работы яшчэ адна дапамога на дзіця-інваліда?
Адказвае намеснік начальніка ўпраўлення – начальнік аддзела пенсій і дапамог упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Баравік:

– Калі ў сям’і гадуецца дзіця-інвалід, па месцы работы аднаго з бацькоў выплачваецца дапамога на дзяцей старэйшых за 3 гады з асобных катэгорый сем’яў, якая назначаецца штогод пры выкананні ўмоваў занятасці бацькі (айчыма) у поўнай сям’і, аднаго з бацькоў у няпоўнай сям’і (артыкулы 15 і 16 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія гадуюць дзяцей”).
Дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў назначаецца толькі ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Права на яе прызначэнне разглядаецца незалежна ад атрымання на дзяцей, у тым ліку на дзіця-інваліда, іншых відаў дзяржаўных дапамог.
Таму калі ў поўнай сям’і маці ўжо атрымлівае ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне дапамогу па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, а бацька працуе, то па месцы работы бацькі належыць іншы від дзяржаўнай дапамогі, а менавіта – дапамога на дзяцей старэйшых за 3 гады з асобных катэгорый сем’яў. Пры гэтым такі від дапамогі прызначаецца на кожнае дзіця старэйшае за 3 гады: на дзіця-інваліда 70 % бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, на іншых дзяцей – 50 % (пры выкананні бацькам умоваў занятасці, вызначаных у заканадаўстве).
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga