Тыдзень бацькоўскай любові – час цёплых сустрэч, душэўных мерапрыемстваў і прыемных нагодаў, звязаных з сямейнымі каштоўнасцямі і традыцыямі. Так, старшыня раённага аддзялення ГА “Беларускі дзіцячы фонд” Алена Чайкоўская адправілася ў аграгарадок Войневічы, каб уручыць шматдзетнай сям’і Сухецкіх асаблівую ўзнагароду.

– Кожны год мы падаём заяўку ад раёна на спашукальніцтва ганаровай прэміі імя Зінаіды Тусналобавай-Марчанка, заснаванай Беларускім дзіцячым фондам. Гэтай узнагародай адзначаюцца сем’і, якія з’яўляюцца ўзорам выхавання і бацькоўскай любові, – расказала Алена Анатольеўна. – Сёлета ўпершыню ў ліку чатырох найлепшых сем’яў Гродзеншчыны – нашы землякі, і мы вельмі ганарымся гэтым дасягненнем. У час раённага брэндавага свята “Зецельскі фэст” у маі Алена і Дзмітрый Сухецкія атрымалі з гэтай нагоды ганаровую прэмію, а сёння ў мяне місія ўручыць ім імянную статуэтку на памяць аб гэтай падзеі.

Ва ўтульным доме ў Войневічах шаноўную госцю чакала дружная сям’я Сухецкіх – тата, мама і трое сыноў, якія з’яўляюцца навучэнцамі Казлоўшчынскай сярэдняй школы. Старэйшыя дачка і сын ужо працягваюць адукацыю ў каледжах нашай вобласці. Бацькі – галоўны прыклад для сваіх дзяцей у працавітасці, любові да роднага краю і фарміраванні сапраўдных каштоўнасцяў. Дзмітрый Сяргеевіч – хлебароб ад Бога, перадавік КСУП “Войневічы”, які неаднаразова ўзнагароджваўся за выніковую працу рэспубліканскімі, абласнымі і раённымі ўзнагародамі. У 2022 годзе яго імя было занесена на раённую Дошку гонару, а на сёлетніх абласных Дажынках у Карэлічах ён атрымаў падзяку Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Алена Алегаўна не адстае ад мужа, таксама мае шэраг узнагарод за працу, у ліку якіх – Ганаровая грамата Дзятлаўскага райвыканкама. Як і ўсе матулі, яна віртуозна сумяшчае работу, клопат аб утульным доме і выхаванне дзяцей, якія з малых гадоў пераймаюць ад бацькоў працавітасць і іншыя добрыя рысы характару. Яны з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі валанцёрскага руху, студатрадаў, даглядаюць родныя лясы ў камандзе школьнага лясніцтва “ЭКАЛЕС”, удзельнічаюць у міжнародных матэматычных конкурсах, такіх як “Ліга ведаў”, захапляюцца шашкамі і шахматамі, для гульні ў якія дома заўсёды знойдзецца кампанія.

Алена Чайкоўская ўручыла сям’і рэспубліканскую ўзнагароду, павіншавала іх з Днём маці і Днём бацькі, аб’яднанымі Тыднем бацькоўскай любові, а таксама падзякавала за вялікую штодзённую працу, якую яны ўкладваюць у выхаванне дзяцей.

– Дзякуй вялікі за ўзнагароду, нам вельмі прыемна далучыцца да ліку сем’яў нашай краіны, адзначаных ганаровай прэміяй імя Зінаіды Тусналобавай-Марчанка, – адказала Алена Сухецкая. – Аднак чаму ад раёна яе ўдастоена менавіта наша сям’я? Мы звычайныя, жывём проста, працуем, вучым нашых дзяцей працаваць, берагчы родную зямлю, паважаць спадчыну, якая нам дасталася ад старэйшых пакаленняў, любіць і ва ўсім падтрымліваць адзін аднаго.

Алена Алегаўна сама дала адказ на сваё пытанне: вялікая сям’я з моцнымі каранямі, традыцыямі і маральнымі каштоўнасцямі – гонар і сіла нашай роднай Беларусі. 

***

Стала добрай традыцыяй кожны год уручаць ганаровыя прэміі імя Зінаіды Тусналобавай-Марчанка. Гэта гераічная жанчына, наша зямлячка, у гады Вялікай Айчыннай вайны страціла рукі і ногі, аднак не згубіла стойкасці духу, у пасляваенны час стварыла сям’ю і нарадзіла і выхавала дваіх дзяцей. Беларускі дзіцячы фонд зацвердзіў прэмію ў гонар гэтай мужнай жанчыны, якая ўручаецца сем’ям Беларусі, дзе выхоўваюцца пяць і больш сваіх дзяцей у любові, узаемаразуменні і добрых сямейных традыцыях, якія з’яўляюцца ўзорам і дастойным прыкладам у выхаванні працавітых, спагадлівых і ўсебакова развітых дзяцей.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga  

#нашелучшее #нашалепшае #годбелорусскойженщины 

Похожие публикации