Пры ўзмацненні ветру або пры набліжэнні буры неабходна прытрымлівацца адпаведных правілаў бяспекі.
Абавязкова шчыльна зачыніце дзверы, вокны (жалюзі), вентыляцыйныя люкі. Прыбярыце з дахаў, лоджый, балконаў усе прадметы і рэчы, якія ветрам можа скінуць уніз і каго-небудзь траўмаваць. Патушыце агонь у печах, бо іскры, якія вылятаюць з трубаў, могуць прывесці да пажара. Калі бура застала вас на вуліцы, паспрабуйце схавацца ў бліжэйшым будынку. Рухайцеся, па магчымасці, бокам да ветру, прыкрываючы твар ад пяску, абыходзьце хісткія будынкі і канструкцыі, трымайцеся далей ад дрэваў і ліній электраперадач.
Машыну абавязкова стаўце ў гараж або прыпаркуйце далей ад дрэваў і слаба ўмацаваных канструкцый.
Уладальнікам прыватных дамоў варта своечасова абрэзваць сухія галіны на дрэвах, якія пры моцным ветру могуць падаць і пашкодзіць збудаванне. Каб пазбегнуць падтапленняў, праверце стан вадасцёкавых трубаў і адводныя каналы для дажджавой вады.
Памятайце, лепш за ўсё ў час моцнага ветру, буры або ўрагану не выходзіць на вуліцу, а перачакаць стыхію ў доме або збудаванні.
Калі вы сталі сведкамі надзвычайнай сітуацыі, паведаміце пра гэта на нумар “101”. Дыспетчар накіруе для аказання дапамогі спецыялістаў неабходных службаў.
Д. БОБІН,
інспектар Дзятлаўскага РАНС