На ёй падвялі вынікі работы за пяць мінулых гадоў, выбралі дэлегатаў на абласную канферэнцыю і кандыдатаў у састаў Савета Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў

З работай у справаздачны перыяд прысутных азнаёміў старшыня арганізацыі Аляксандр Дубовік. Адзначыў, што намаганні кіруючых органаў прафсаюзаў Дзятлаўшчыны былі скіраваны на ўмацаванне аўтарытэту і кансалідацыю прафсаюзнага руху, павышэнне сацыяльнай абароненасці членаў прафсаюза. Дзякуючы сацыяльнаму партнёрству паспяхова рэалізоўваліся асноўныя задачы аб’яднання: абарона працоўных, прафесійных, сацыяльна-эканамічных правоў і законных інтарэсаў работнікаў, выкананне рашэнняў VIII З’езда Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, праграмы дзейнасці ФПБ на 2020-2025 гады, Генеральнага пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскімі аб’яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзаў.

Вялікая ўвага надавалася стварэнню камфортных умоваў працы, яе ахове і бяспецы, прававой асвеце і падтрымцы членаў прафсаюза, інфармацыйнай рабоце, арганізацыі вольнага часу, аздараўленню работнікаў, удзелу ў значных мерапрыемствах, якія праходзілі пад эгідай ФПБ, забеспячэнню дастойнай заработнай платы, іншым аспектам. Дзятлаўскае райаб’яднанне прадстаўлена чатырма раённымі галіновымі прафсаюзнымі арганізацыямі, 88-мю пярвічкамі, якія аб’ядналі больш за 7,5 тысячы чалавек, ахоп прафсаюзным членствам – 98,1 %. За апошнія гады з’явілася 39 новых пярвічак з колькасцю 390 чалавек. Значную ўвагу раённыя прафкамы надавалі розным формам падтрымкі моладзі, ветэранаў працы, дзяцей і сем’яў удзельнікаў прафсаюзнага руху, пашырэнню нормаў калектыўных дагавораў у частцы сацыяльнай абароны і павышэння прадукцыйнасці працы.

Вопытам работы па абароне правоў работнікаў і вырашэнні спрэчных момантаў працоўных адносін падзяліўся старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў Андрэй Кардаш, спыніўся на тэме вытворчага траўматызму, патлумачыў магчымасці аздараўлення ў санаторыях прафсаюзных аператараў, расказаў, як прафсаюз папулярызуе сябе ў інфармацыйнай прасторы.

Удзельнікі пасяджэння адзінагалосна падтрымалі кандыдатуры старшыняў раённых арганізацый Беларускіх прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзіміра Казака і адукацыі і навукі Тамары Юранковай, якіх выбралі дэлегатамі на VIII абласную справаздачна-выбарную канферэнцыю, а таксама кандыдатамі ў састаў Савета Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў.

Станоўча было вырашана пытанне заканчэння працоўных адносінаў са старшынёй раённага аб’яднання.

Ад імя райвыканкама і прафсаюзнага актыву раёна словы шчырай удзячнасці Аляксандру Дубовіку за прафсаюзную дзейнасць выказаў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка:

– На любой пасадзе, дзе б вы ні былі, заўсёды пакідалі добры след пасля сябе: з’яўляліся моцным гаспадаром, калі ўзначальвалі прадпрыемства, старшынёй райвыканкама зрабілі значны зачын тых вынікаў, якія Дзятлаўшчына дасягае сёння. Дзякуй вам за любоў да роднага краю і ўважлівыя адносіны да людзей, упэўнены, што ваш важкі працоўны вопыт яшчэ спатрэбіцца раёну.

За выніковую работу  Аляксандру Дубовіку падзякавала галоўны прававы інспектар працы Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Іна Мельнікава:

– Дадзена высокая ацэнка рабоце Дзятлаўскага райаб’яднання прафсаюзаў. Гэта ўклад кожнага, бо пярвічкі – самы складаны ўчастак. Хоць не маю права голасу на канферэнцыі, але на выдатна ацаню работу Аляксандра Дубовіка. За кароткі час яму ўдалося зрабіць вельмі шмат, бо заўжды ўважліва і старанна адносіўся да вырашэння любых задач і пытанняў.

Ад імя Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Іна Мельнікава ўручыла Аляксандру Дубовіку заслужаную ўзнагароду.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации