Ратаўнікі Беларусі – сапраўдныя прафесіяналы, мужныя, валявыя, рашучыя, адказныя. Яны супрацьстаяць стыхіі, абараняюць жыццё і шчасце людзей. Пра герояў сучаснасці, якія сёння працуюць у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, на старонках газеты “Перамога” раскажуць тыя, хто за іх перажывае і ганарыцца імі.
Аляксандра Нашуцінская – гонар Дварэцкай сярэдняй школы. Спартсменка, актывістка, яна не раз выступала за навучальную ўстанову на конкурсах і спаборніцтвах рознага ўзроўню. Сама Аляксандра кажа, што яе характар – вынік правільнага выхавання, у якім прымаюць непасрэдны ўдзел не толькі бацькі, але і яшчэ адзін чалавек, які стаў для яе прыкладам у спорце і многіх іншых правільных рэчах. Гэта брат яе мамы Яўгеній Паўлоўскі, не толькі дзядзька і хросны бацька, а таксама добры сябар і дарадца ў самых розных жыццёвых сітуацыях.

У пажарна-выратавальнай часці № 1 горада Дзятлава, дзе Яўгеній Васільевіч служыць майстрам-ратаўніком, сустрэліся, каб пагутарыць пра работу, мары, характар, фізкультуру, без якой немагчыма быць паспяховымі.
На пытанне, ці ганарыцца тым, што родны чалавек служыць ратаўніком, Аляксандра Нашуцінская адказвае станоўча:
– Мой дзядзя – добры, шчыры і мужны чалавек. Я лічу, што толькі такія людзі павінны працаваць у МНС. А яшчэ ратаўнікам немагчыма выконваць сваю работу на высокім узроўні без адпаведнай фізічнай падрыхтоўкі, у чым ён таксама найлепшы.
Яўгеній Васільевіч падтрымлівае размову, узгадвае, што са школы любіў спорт, але займаўся ім проста для задавальнення: бегаў кросы за каледж, дзе вучыўся, атрымліваў медалі і дыпломы за лёгкаатлетычныя спаборніцтвы. З пачаткам работы ў дзяжурнай змене, першымі выездамі на пажар прыйшло разуменне, што займаўся недарма: ад фізічнай формы, вытрымкі, загартаванасці ратаўніка можа залежаць не толькі вынік работы, але і жыццё іншых людзей. З таго часу спорт – абавязковы штодзённы рытуал. Невыпадкова майстар-ратаўнік і цяпер паказвае спартыўныя рэкорды, абараняючы гонар роднага аддзела па надзвычайных сітуацыях на спаборніцтвах і турыстычных злётах.
– Работа ратаўніка – гэта не геройства, а пастаянная самадысцыпліна, адукацыя і развіццё, – дзеліцца Яўгеній Паўлоўскі. – Калі ў змену ёсць выезд на складаны пажар, такую нагрузку нялёгка вытрымаць нават маладым 20-гадовым хлопцам, выручае толькі загартоўка і каманднае ўзаемадзеянне.

Аляксандра Нашуцінская не адстае ад старэйшага таварыша: займаецца лёгкай атлетыкай, гуляе ў футбол і з задавальненнем бегае наперагонкі з дзядзькам.
– Ці памянялася што-небудзь у вашых узаемаадносінах, калі дзядзя стаў ратаўніком?
– Істотна не змянілася, па-ранейшаму ён мне як сябар і старэйшы брат. Аднак дзядзя Жэня стаў больш строгім і правільным, пастаянна клапоціцца аб бяспецы нас, родных людзей. Я зразумела словы, што работа ратаўніка – гэта лад жыцця, нават калі ты здаў змену і знаходзішся на выхадным. Цяпер яшчэ мацней паважаю людзей гэтай прафесіі.
Калі Аляксандры прапанавалі папоўніць рады раённага камітэта Беларускай моладзевай арганізацыі ратаўнікоў-пажарных, яна адразу пагадзілася.
– Мы былі ў дзявятым класе, калі мяне і аднакласнікаў запрасілі ўступіць у моладзевую арганізацыю ратаўнікоў-пажарных, і мы ўсе вырашылі, што гэта крута – супрацоўнічаць з ратаўнікамі, раўняцца на іх, дапамагаць людзям, – расказвае дзяўчына. – Мы ўжо паспелі паўдзельнічаць у акцыях і аказаць дапамогу пажылым.
Аляксандра Нашуцінская не проста так стала юным ратаўніком-пажарным: яна бачыць сваю будучыню ў гэтай прафесіі. Яўгеній Паўлоўскі перажывае, што пляменніцы будзе няпроста, але паважае яе выбар і падтрымлівае слушнымі парадамі.

– Мне ёсць на каго раўняцца, – кажа яна. – Мой дзядзя – ратаўнік, і на яго прыкладзе я ўпэўнілася, што ў гэтай прафесіі спалучаецца ўсё, што я люблю: спорт, дысцыпліна, патрыятызм і дапамога людзям. У мяне выпускны клас, таму старанна займаюся, каб паступіць у профільную ВНУ.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае