Сваімі меркаваннямі дзеляцца ўдзельнікі гуртка “Юны журналіст” пры рэдакцыі газеты “Перамога”.

Яраслаў Урбан, навучэнец 11 класа сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча.

Калі гаворка заходзіць пра народнае адзінства, у першую чаргу ўспамінаюцца трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Беларусы разам з народамі вялізнай краіны ўсталі на абарону сваёй Айчыны. У нашай беларускай зямлі спачываюць сыны шматнацыянальнай краіны. Скупыя таблічкі на брацкіх магілах, зоркі над многімі абеліскамі замест імёнаў невядомых герояў. Яны нагадваюць нам, што толькі разам, толькі аб’яднаўшыся, можна выстаяць.

Гэта даказала і пасляваенная гісторыя. Народ пераадольваў нягоды, дасягаў пастаўленых мэтаў дзякуючы згуртаванасці і адзінству.

Яшчэ жывыя сведкі і ўдзельнікі адраджэння разбуранай вайной эканомікі і сацыяльнай сферы. Тыя, хто працуе сёння, памятаюць, з якімі цяжкасцямі давялося сутыкнуцца ў 90-я гады. І зноў народ усё вытрымаў дзякуючы калектыўнай працы, падтрымцы адзін аднаго.

Мы, моладзь, шануем і працягваем традыцыі старэйшага пакалення. Сёння мы жывём у свабоднай суверэннай дзяржаве, ганарымся сваёй зямлёй, беражом яе ўсе разам, адзінай нацыяй, згуртаванай і моцнай. Разумеем: трэба ўпарта авалодваць ведамі, каб у наступным стаць добрымі спецыялістамі і працаваць на карысць сваёй краіны, сваёй сям’і.

Адзінства народа выяўляецца ў кожным учынку. На ўрачыстай лінейцы 1 верасня мне разам з маёй аднакласніцай выпаў гонар падымаць беларускі сцяг і сцяг нашага горада. Я быў да глыбіні душы здзіўлены, калі бачыў і чуў, як усе да адзінага навучэнцы школы, настаўнікі, бацькі, бабулі і дзядулі нашых вучняў спявалі Дзяржаўны гімн! Усе разам! Амаль 1000 чалавек! Ці гэта не адзінства народа?! Падымаючы сцяг і бачачы, як ён прыгожа развяваецца пад блакітным небам, я думаў: які ж я шчаслівы, што жыву менавіта ў гэтай краіне, мірнай і спакойнай!

Я з’яўляюся пастаянным удзельнікам спартыўных спаборніцтваў, чэмпіёнам Беларусі па хакеі “Залатая шайба”, якія падтрымлівае Прэзідэнцкі спартыўны клуб, стыпендыятам прэзідэнцкага фонду адоранай моладзі. Я разумею, як важны сёння ўклад кожнага з нас у развіццё роднай краіны. Таму я хачу і далей праслаўляць не толькі свой горад Дзятлава, Гродзенскую вобласць, але і нашу краіну, моцную і незалежную!

Кожны год у гэты знамянальны дзень для ўсёй Беларусі я разам са сваімі настаўнікамі і сябрамі-аднакласнікамі прымаю ўдзел у мерапрыемствах, прымеркаваных да Дня народнага адзінства: у велапрабегах “Ад помніка да помніка”, “За Беларусь”, у валанцёрскіх акцыях – дапамозе пажылым людзям і ветэранам педагагічнай працы. У гэтым годзе я стану ўдзельнікам лёгкаатлетычнага забегу “Міля Жалабоўскага” з алімпійцамі М. М.  Жалабоўскім і І. Г. Ціханам і мару паціснуць руку чэмпіёнам!

Я думаю, што ўсе разумеюць: мы павінны жыць у нашай краіне як моцная, дружная і мірная сям’я, члены якой з’яднаныя паміж сабой і з’яўляюцца апорай адзін для аднаго. І вядома, кожны з нас павінен памятаць, што ён –  неад’емная частка адзінага народа!

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации