Categories: Падзеі

Пра што раскажа касцёльная кніга?

Касцёльных кніг, якія захоўваюцца ў касцёльных архівах, некалькі відаў. Яны раней служылі асноўнымі крыніцамі інфармацыі пра жыццё каталікоў у канкрэтнай мясцовасці: калі жаніліся, калі хрысціліся і якімі імёнамі называлі, як працавалі школы і прызначаліся пасады ў іх, што куплялі і атрымлівалі ў спадчыну. Некаторыя з такіх кніг трапілі ў архіў Дзятлаўскага краязнаўчага музея.

У кнізе пра рухомую і нерухомую маёмасць касцёла знайшлася вельмі цікавая інфармацыя пра жыхара вёскі «Жыбартава Сцяпана Казімірава Пачабыта» (па-сучаснаму Казіміравіча). Інфармацыя 1900 года. Вёска Жыбартава, як называюць яе ў гэтай кнізе, знаходзілася ў Пацаўскай воласці Слонімскага ўезда. Па ўсім відаць, што Сцяпан Пачабыт жыў з жонкай, дзяцей не меў, бо ў завяшчанні, з якім давялося працаваць, пра іх нічога не гаворыцца. Ды вось у кастрычніку 1900 года вырашае ён скласці завяшчанне на карысць Дзятлаўскага рымска-каталіцкага касцёла і перадаць касцёлу чатыры ўчасткі зямлі. А паколькі Сцяпан быў няграматны, то наймаў пісара, а распісваўся за яго ва ўсіх паперах Восіп Залеўскі, якому ён давяраў гэта рабіць. Па якой прычыне Сцяпан Пачабыт вырашыў перадаць сваю зямлю касцёлу, цяпер, напэўна, ужо не даведацца, але перадача праходзіла па ўсіх законах таго часу.

Спачатку гаспадар складаў тэкст завяшчання, падрабязна апісваючы надзелы, якія знаходзіліся ў розных месцах. З гэтых запісаў можна даведацца, чые надзелы былі па-суседству, якія памеры мелі. Пасля пераліку надзелаў даецца інфармацыя аб тым, што селянін Сцяпан Казіміраў Пачабыт, які асабіста выказаў жаданне перадаць надзелы касцёлу, знаходзіцца пры здаровым розуме і цвёрдай памяці. І сведкамі таму з’яўляюцца сяляне Іван Казіміраў Васюкевіч, Франц Францаў Бортка, Вікенцій Іванаў Стракоўскі і Восіп Залеўскі. З завяшчання была знята копія і падпісана валасным старастам Дзятлаўскай воласці Слонімскага ўезда Мацвеем Ляхам. Магчыма, нехта пазнае ў гэтых людзях сваіх родных і зацікавіцца гісторыяй іх жыцця?

Пасля таго, як было складзена завяшчанне, Сцяпан Пачабыт звяртаецца з прашэннем да настаяцеля Дзятлаўскага рымска-каталіцкага касцёла. Ён перадае сваё завяшчанне і просіць, каб за падораную зямлю ў касцёле кожны год былі адслужаны дзве памінальныя паніхіды: адна за яго, Сцяпана, і за жонку Ганну, а другая за ўсіх памерлых суродзічаў. Пасля атрымання прашэння ад Сцяпана Пачабыта збіраецца кансісторыя і слухаецца справа пра завяшчанне. Вырашаецца прапанаваць Сцяпану Пачабыту аформіць акт перадачы надзелаў натарыяльна з умовай захавання за сабой права пажыццёвага карыстання даходамі ад надзелаў.

Кансісторыя ж пры гэтым павінна ўдакладніць звесткі пра кошт надзелаў. Рашэнне было перададзена Сцяпану Пачабыту.

Вось такія справы вырашаліся ў Дзятлаве больш чым сто гадоў таму.

А. АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

administrator

Recent Posts

Дэпутацкія клопаты. Андрэй Жамойда правёў прыём грамадзян у Дзятлаве

9 ліпеня член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Андрэй…

2 часа ago

“Дзень свабоды і памяці”

Пад такой назвай у Дзятлаўскай раённай бібліятэцы 9 ліпеня прайшоў дыялог пакаленняў, прысвечаны дню вызвалення…

2 часа ago

Якое значэнне для дзятлаўчан мае дата 9 ліпеня?

Аляксандр Бургун, ваенны камісар Дзятлаўскага раёна: – У Дзень Перамогі мы ўзгадваем продкаў, якія адстаялі…

4 часа ago

Незабыўныя старонкі ваенных гадоў. Горад Дзятлава сустрэў Дзень вызвалення

9 ліпеня каля помніка Героям Савецкага Саюза Яну Фогелю і Паўлу Пятрову ў гарадскім парку…

4 часа ago

О правилах поведения в цифровом пространстве

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

5 часов ago

Прамая тэлефонная лінія

14 ліпеня з 14 да 16 гадзін адбудзецца прамая тэлефонная лінія з начальнікам АУС Дзятлаўскага…

5 часов ago