Categories: Падзеі

Пра карысная занятасць непаўналетніх як сродак прафілактыкі

У Дзятлаўскім цэнтры культуры і народнай творчасці прайшла метадычная вучоба старшыняў сельвыканкамаў, намеснікаў кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце арганізацый раёна, работнікаў установаў культуры і адукацыі па тэме культурна-грамадскай дзейнасці ў вольны час як сродка прафілактыкі негатыўных з’яваў сярод моладзі і насельніцтва. У фае Цэнтра была прадстаўлена тэматычная выстава. Ініцыятарам метадычнай сустрэчы выступіў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама.

Начальнік аддзела Наталля Калодка зазначыла, што пытанні арганізацыі вольнага часу непаўналетніх і прафілактыкі правапарушэнняў сярод непаўналетніх нядаўна разглядаліся на пасяджэнні Дзятлаўскага райвыканкама. Удзельнікі метадычнай вучобы з’яўляюцца суб’ектамі прафілактыкі, а паняцці «вольны час» і «прафілактыка» ўзаемазвязаны, таму пасяджэнне праходзіць у пашыраным складзе.

Аб арганізацыі культурна-грамадскай дзейнасці ў вольны час ва ўстановах адукацыі расказала загадчыца аддзела метадычнай работы Дзятлаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці Марына Лукіянец. Яна зазначыла, што вядзецца работа, скіраваная на арганізацыю эфектыўнага баўлення вольнага часу непаўналетнімі. У раёне працуюць 14 клубных установаў, у тым ліку сектар пазастацыянарнага абслугоўвання, у арганізацыях культуры сёлета функцыянуюць 85 клубных фарміраванняў для 642 дзяцей (на 2% больш, чым летась). Працуюць 10 платных клубных фарміраванняў, якія наведваюць 67 непаўналетніх. Традыцыйнай стала раённая акцыя «Знайдзі сабе справу па душы», практыкуецца правядзенне вусных апытанняў для вывучэння пажаданняў людзей. Наведвальнікі дзіцячых аб’яднанняў прымаюць удзел у конкурсах і фестывалях рознага ўзроўню, напрыклад, узорны ансамбль скрыпачоў «Зорачкі» Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў сёлета стаў прызёрам «Славянскага базара» ў Віцебску. У рамках раённага праекта «Дбайных людзей славім — весела час бавім» былі праведзены 12 святаў. У кастрычніку ў Дзятлаве ладзіўся раённы фестываль сямейнага адпачынку «Зецельскі фэст». Актыўна працавалі калектывы пад кіраўніцтвам Івана Каско. У час летніх канікулаў установы культуры ўзаемадзейнічалі са школьнымі лагерамі, арганізавалі больш за 60 мерапрыемстваў. Для дзіцячай аўдыторыі за справаздачны перыяд праведзена 1040 мерапрыемстваў.

Работа ўстановаў культуры скіравана не толькі на выяўленне і развіццё творчых здольнасцяў, але і садзейнічанне паспяховай самарэалізацыі непаўналетніх, прадастаўленне культурных паслугаў, садзейнічанне прапагандзе здаровага ладу жыцця, прафілактыцы асацыяльных праяўленняў сярод непаўналетніх. Грамадска-культурнай дзейнасцю ахоплены 67 дзяцей, якія знаходзяцца на розных відах уліку. Такім чынам, установы культуры праводзяць работу, скіраваную на эфектыўную занятасць непаўналетніх з удзелам зацікаўленых структур соцыуму, і гэта работа мае плён.

Загадчыца Данілавіцкага дома культуры Святлана Грос расказала аб прыярытэтных накірунках прафілактычнай работы, іх практычнай рэалізацыі работнікамі ўстановы. У зону абслугоўвання клуба ўваходзяць 19 вёсак і аграгарадок Круцілавічы. Пры Данілавіцкім ДК працуюць 11 фарміраванняў (тэатральныя гурткі, гурткі сольных спеваў, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, клубы выхаднога дня). Работа ўстановы дзеліцца на цыклы, звязаныя з каляндарнымі святамі, канікуламі, сезоннымі работамі ў гаспадарцы. Асабліва актыўна працуюць у час канікулаў, шмат увагі надаюць дзецям, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Для ўсіх іх знайшлі заняткі па інтарэсах.

Арганізацыя вольнага часу — складнік прафілактыкі, таксама для гурткоўцаў праводзяцца мерапрыемствы, скіраваныя на прапаганду здаровага ладу жыцця (конкурсы плакатаў, сустрэчы са спецыялістамі, канцэртна-інфармацыйныя праграмы). Цяпер клуб працуе над укараненнем актыўных формаў работы (нядаўна падрыхтавалі выступленне агітбрыгады па тэме «Горад-СНІД»). Методыку стараюцца пераймаць у Івана Каско.

Іван Каско расказаў, што такія формы работы актыўна ўкараняе: тры гады таму паставілі мюзікл «Я выбіраю жыццё» на тэму прафілактыкі СНІДу, сёлета — «Без месца», у якім узнімаецца праблема сіроцтва. Яго ў час раённай акцыі «Галасуем за жыццё разам» паказалі жыхарам сельскіх саветаў раёна. Удзельнікам пасяджэння таксама прадэманстравалі ўрывак з мюзікла «Без месца» ўзорнай тэатральнай студыі «Мелодыі душы».

Свае меркаванні наконт асноўных праблемаў і шляхоў міжведамаснага ўзаемадзеяння суб’ектаў прафілактыкі ў арганізацыі прафілактычнай дзейнасці выказалі намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама С. Залучан, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. Чайкоўская. У прыватнасці зазначылі, што на паводзіны непаўналетніх уплывае асяроддзе, у якім яны гадуюцца, а таму прафілактычная работа павінна быць скіравана як на дзяцей, так і на дарослых.
Пра негатыўныя з’явы, з якімі могуць сутыкнуцца непаўналетнія ў сацыяльных сетках Інтэрнэту, расказаў педагог-псіхолаг сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава А. Гінэль.

Доктар-эпідэміёлаг Дзятлаўскага райЦГЭ М. Дзядовіч пазнаёміў удзельнікаў семінара з эпідсітуацыяй па ВІЧ і шаленстве жывёлаў ў раёне, спыніўся на пытаннях прафілактыкі.

Падводзячы вынікі пасяджэння, Н. Калодка зазначыла, што карысная занятасць насельніцтва, у тым ліку культурна-грамадская дзейнасць, дапамагае пазбегнуць многіх негатыўных з’яваў. Суб’екты прафілактыкі і надалей будуць плённа працаваць у гэтым накірунку, па выніках сустрэчы распрацаваны шэраг рэкамендацый.

І. СТЫРНІК
Фота аўтара

administrator

Recent Posts

Александр Лукашенко в Бресте поставил задачи на уборочную кампанию

Президент Беларуси Александр Лукашенко во время рабочей поездки в Брест актуализировал задачи для аграриев на…

3 часа ago

У ААТ “Дварэц-Агра” – першыя на Дзятлаўшчыне камбайнеры-тысячнікі!!! (будзе дапоўнена)

Другі год запар ААТ “Дварэц-Агра”, падшэфнае сельгаспрадпрыемства ААТ “Молочный Мир”, трымае пальму першынства на жніве…

3 часа ago

Іншаземкі прыжыліся на Дзятлаўшчыне

КСУП “Хвінявічы” славіцца высокімі паказчыкамі ў жывёлагадоўлі, нязменна знаходзячыся ў лідарах раёна па надоях, прывагах…

21 час ago

Каб “золата” з хлебнай нівы было вышэйшай якасці

Гудуць магутныя машыны, высыпаючы з прычэпаў зярняты. Яны льюцца хуткай плынню, горамі ўзвышаюцца на збожжатаку…

21 час ago

Вблизи белорусско-литовской границы задержан мужчина с беспилотником

Гродненские пограничники задержали мужчину с беспилотником кустарного производства. Об этом БЕЛТА проинформировали в Госпогранкомитете. Вблизи…

23 часа ago

Юрий Караев представил активу Слонимского района нового руководителя

На 30-й внеочередной сессии районного Совета депутатов в должности председателя Слонимского райисполкома утверждён Виталий Шулейко,…

24 часа ago