У Дзятлаўскім раённым цэнтры па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый прыемная падзея: прыбыў новы школьны аўтобус коштам 199 тысяч беларускіх рублёў, набыты за сродкі раённага бюджэту.
Новенькі МАЗ на 16+1 пасадачныя месцы прызначаны для перавозкі дзяцей па маршрутах.
Дырэктар цэнтра Святлана Панасюк урачыста перадала ключы ад транспартнага сродка аднаму з найбольш вопытных вадзіцеляў арганізацыі з трыццацігадовым стажам – Пятру Іодчыку.


– Прыемна, што атрыманне новага аўтобуса прыпала на маё асабістае свята: заўтра адзначаю дзень нараджэння, – прызнаўся Пётр Пятровіч. – У цэнтры працую ўжо пяты год, а раней займаўся перавозкай грузаў. Зразумела, што пры рабоце са школьнікамі адказнасці дадалося, тым больш што вазіў дзяцей-інвалідаў, да кожнага з якіх трэба мець свой падыход. Цяпер буду пераведзены на другі маршрут. Новы транспартны сродак вельмі парадаваў, яшчэ больш натхняе аказаны мне давер кіраўніцтва. Калі казаць пра аўтобус, то заўжды трэба ўлічваць, што новы транспарт неабходна абкатаць, зразумець усе яго асаблівасці. Нашы вадзіцелі ўжо ездзяць на такіх, думаю, праблем не ўзнікне.

– За пяць гадоў існавання Дзятлаўскага раённага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый для яго патрэбаў было набыта восем транспартных сродкаў: сем аўтобусаў і ізатэрмічная машына для падвозу харчовых прадуктаў ва ўстановы адукацыі, – расказала Святлана Панасюк. – Сродкі на абнаўленне аўтапарка выдзяляліся з раённага і абласнога бюджэтаў.
З 1 верасня 2025 года на лінію выйдуць 11 аўтобусаў для перавозкі дзяцей у дзіцячыя сады і іншыя ўстановы адукацыі.
Вялікі дзякуй старшыні райвыканкама Андрэю Садоўскаму за каласальную матэрыяльную падтрымку цэнтра для набыцця транспартных сродкаў і па іншых кірунках дзейнасці.



Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga #нашелучшее #нашалепшае #годблагоустройства