Аматары “бабахнуць” часта забываюць, што іх прыхільнасць да шумных атрыбутаў свята падзяляюць не ўсе.
І калі салюты ствараюць пачуццё ўрачыстасці і дазваляюць сабой палюбавацца, то кароткачасовае, але гучнае “бабах” не ўсім па душы. Выкарыстанне петардаў у месцах масавага збору людзей – гэта не толькі праяўленне непавагі да іншых, але і парушэнне грамадскага парадку. Многія людзі прыходзяць на святы з дзецьмі, і калі побач з малечай узрываецца петарда, то наступствы могуць быць самыя непрадказальныя. Варта памятаць, што кінутая петарда можа выпадкова заляцець на балкон, нават патрапіць у фортачку і стаць прычынай узгарання.
Міліцыя нагадвае, што выкарыстанне піратэхнічных сродкаў у грамадскіх месцах можа быць расцэнена як дробнае хуліганства, за якое прадугледжаны штраф ад 2 да 30 базавых велічыняў, грамадскія работы ці адміністрацыйны арышт да 15 сутак. Калі за выкарыстанне піратэхнічных вырабаў затрымаюць непаўналетняга, то да адміністрацыйнай адказнасці будуць прыцягнуты бацькі за невыкананне сваіх абавязкаў па выхаванні дзяцей, што таксама прадугледжвае штраф да 10 базавых велічыняў. Калі ж пры выкарыстанні “піратэхнічных цацак” будзе нанесена значная шкода здароўю або маёмасці грамадзян, то парушальнікам можа пагражаць у тым ліку і крымінальная адказнасць.
На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь піратэхніку нельга набываць з рук. Прадаваць яе дазваляецца толькі ў месцах санкцыянаванага гандлю. Сертыфікаваныя піратэхнічныя вырабы можна купіць у спецыялізаваных магазінах і аддзелах. Акрамя абмежаванняў месцаў рэалізацыі піратэхнічных вырабаў, заканадаўствам забараняецца іх продаж непаўналетнім да 15 гадоў. Для выяўлення нелегальных гандляроў петардамі і іншай піратэхнікай супрацоўнікі міліцыі будуць праводзіць рэйдавыя мерапрыемствы. Вінаватыя могуць быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў абыходжання з піратэхнічнымі вырабамі, парадку гандлю і аказання паслугаў насельніцтву, незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. За гэта давядзецца заплаціць штраф, уся піратэхніка будзе канфіскавана і знішчана. Пра факты незаконнай рэалізацыі і выкарыстання піратэхнічных вырабаў можна паведаміць у аддзел унутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама на нумары: 8-01563-2-13-34, 8-029-3508064, 8-029-5806042, 8-025-6010059.
Дзяніс АЎРАМЕНКАЎ,
першы намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga