Напярэдадні яскравага і творчага свята работнікаў культуры варта ўзгадаць гісторыю адной музычнай сям’і.

Гаворачы словамі некалі папулярнай песні, “музыка іх звязала” і не адпускае са свайго палону дагэтуль. Музыка паспрыяла саюзу сям’і Мазыркаў, стала яго фундаментам. Чэрпаючы ў ёй натхненне, таленавітыя музыканты і педагогі аддавалі іншым у шмат разоў больш, выхавалі не адно пакаленне нераўнадушных творчых людзей.

Разам назаўжды

Вы не паверыце, але людзі, якія вучылі музыцы ўсю Дзятлашчыну, самі не вучыліся ў музычнай школе. Святлана з дзяцінства была апантаная музыкай. Ды па-іншаму было і немагчыма: бабуля і дзядуля былі спевакамі, якіх ведалі ўсе родныя Хамічы, тата іграў на гармоніку. У сям’і, дзе гадаваліся пяцёра дзяцей, не было часу вучыць дзяўчынку іграць на інструменце, яна вучылася сама. У дзесяцігадовым узросце іграла на гармоніку так, што магла танцам акампаніраваць. У страрэйшай школе тата купіў акардэон, і Святлана за год падрыхтавала дома праграму для паступлення ў Гродзенскае музычна-педагагічнае вучылішча. На той самы курс, у той жа час музычная сцяжына з Ваўкавышчыны прывяла і Дзмітрыя Мазырку. Першыя ўрокі ігры на баяне ён таксама спасцігаў дома и щ музычным гуртку. Для паступлення ў навучальную ўстанову веданне нот было неабавязковае, і гэта дало шанец маладым людзям для добрага прафесійнага старту.

Абодва яны з задавальненнем і асалодай спасцігалі музычную навуку, сябравалі, гулялі кампаніямі. Святлана атрымала даручэнне ад аднакурсніцы расказаць у час адной з такіх прагулак Дзмітрыю, што той ёй падабаецца.

– Атрымаўся цікавы канфуз, – узгадвае маладыя часы Святлана Уладзіміраўна. – Мы гулялі, я з сяброўкай, Дзіма з сябрам. Напрыканцы вечара я яму сказала “Ты падабаешся маей знаёмай, прыгледзься да яе”, на што атрымала сур’ёзны адказ: “Я не да дзяўчыны прыйшоў, а да цябе”.

На тым жа чацвёртым курсе, першага мая маладыя людзі распісаліся. З навучальнай установы выйшлі адной сям’ёй. Дарэчы, у наступным годзе сям’я Мазыркаў сустрэне паўвекавы юбілей сумеснага жыцця.

Разам з’ездзілі па размеркаванні ў Паставы, дзе не знайшлося для іх працы, і вярнуліся на радзіму Святланы Уладзіміраўны ў Казлоўшчыну. Яна працавала настаўніцай музыкі ў сярэдняй школе, ён – праз год працы ў мясцовым прафтэхвучылішчы стаў выкладаць у музычнай школе. Працуючы ў розных навучальных установах, Святлана Уладзіміраўна і Дзмітрый Іванавіч усё адно вялі адзін сумесны праект на дваіх – самадзейны хор у СПТВ-119. Яна адбірала ўдзельнікаў хора, праводзіла рэпетыцыі, рыхтавала да выступленняў, ён – быў акампаніятарам.

– На той час у Казлоўшчынскім прафтэхвучылішчы было вельмі шмат вакальна адораных навучэнцаў. Наш самадзейны хор “грымеў” не толькі на мясцовым узроўні, але і ў вобласці, у рэспубліцы, – у захапленні ўзгадвае жанчына. – Удзельнікі калектыву спявалі чатырохгалоссем, і гэта было нешта неверагоднае.

У адзін з першых гадоў існавання хора яго кіраўніца атрымала Грамату Міністэрства адукацыі БССР, а за ёй – шэраг важкіх узнагарод, якія беражліва захоўваюцца ў сям’і.

Праз пяць гадоў Святлана Уладзіміраўна перайшла працаваць у музычную школу, і там таксама сабраўся дзіцячы хор, адзін для двух навучальных установаў – агульнаадукацыйнай і музычнай. Вучні акампаніравалі самі сабе на музычных інструментах. Многія з іх, сустракаючы свайго хормайстра, прызнаюцца, што дагэтуль помняць усе партыі, якія выконвалі разам.

У музычнай школе Святлана Мазырка акрамя хора, выкладала сальфеджыа. Гэтыя два прадметы для яе – справа жыцця, асалода для душы.

– Праўда, голас ужо не той , – з ценем суму заўважае Святлана Мазырка. – Калі раней я “брала” “сі” верхняй актавы, то цяпер – “соль” малой актавы.

Святлана Уладзіміраўна ўдзячна лёсу за тое, што дзякуючы хору, яны з мужам атрымалі магчымасць навучацца, а затым сустракацца па рабоце з выдатнымі асобамі ў свеце музыкі і педагогікі, увабраць іх каштоўны вопыт.

– Магчыма я здамся банальнай, але я вельмі шчаслівая, што нам з мужам заўжды шанцавала на добрых людзей, – кажа Святлана Уладзіміраўна.

Музычная матэматыка

Наступны пераез сям’і Мазыркаў быў у Дзятлава. Тут зноў разам сталі працаваць у школе мастацтваў. У 1980 годзе ва ўзросце 30 гадоў Дзмітрый Іванавіч стаў дырэктарам Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў і прабыў нязменным кіраўніком навучальнай установы на працягу трыццаць гадоў.

– Як цяпер помню, каб мне было лягчэй, муж даў магчымасць выкладаць у старэйшых класах. Было вельмі страшна пачынаць, – успамінае Святлава Уладзіміраўна.

Але любоў да прадмета і да музыкі перамагла ўсе страхі. Праз клас тэарэтычных дысцыплін Святланы Мазырка амаль за сорак гадоў працы прайшлі і атрымалі веды шмат таленавітых, неардынарных, нават геніяльных дзяцей. Усіх сваіх вучняў педагог успамінае з цеплынёй, многія з іх сталі выдатнымі музыкантамі або выкладчыкамі музыкі. Варта ўзгадаць, што амаль палова сённяшняга калектыву дзіцячай школы мастацтваў – вучні Святланы Уладзіміраўны. Сярод іх і калега па працы Людміла Раманава, у тандэме з якой раскрылі нямала талентаў.

Падводзячы мяне да дошкі гонару з партрэтамі вучняў, якія праславілі школу, педагог паказвае на сваіх колішніх падапечных у тэарэтычных дысцыплінах, якія яркімі зоркамі загарэліся на музычным небасхіле:

– Вось Караліна Орсік – таленавітая скрыпачка, якая стала пераможцай рэспубліканскай алімпіяды па тэорыі музыкі, калі вучылася ў пятым класе ў нас і ў агульнаадукацыйнай школе. Самая юная, яна ўразіла ўсіх на конкурсе і прымусіла мяне праслязіцца ад шчасця.

У час, калі Караліне трэба было актыўна рыхтавацца да алімпіяды, яе мама збіралася ехаць на курсы, а дзяўчынку адвезці да бабулі.

– А як жа мы будзем рыхтавацца? – спытала Святлава Уладзіміраўна. І прапанавала сваё рашэнне. – Давайце я яе “ўсынаўлю”.

Так Караліна разам з падручнікамі пераехала пагасціць да Мазыркаў. Рыхтаваліся да конкурсу па 8-9 гадзінаў у дзень, і дзяўчынка не стамлялася, узгадвае педагог. І дасягнула ў такім юным узросце вялікіх поспехаў.

–Гэта дзяўчынка апантаная музыкай. Яна стварыла свой ансамбль і выступае па ўсім свеце, – расказвае Святлана Мазырка.

Ці варта нагадваць, што Дзятлаўская дзіцячая музычная школа ва ўсе часы славілася сваімі вучнямі – пераможцамі конкурсаў рознага ўзроўню, алімпіяд. У тым ліку, дзятлаўскія тэарэтыкі музыкі, дзякуючы старанням і карпатлівай працы педагогаў, шматразова ўзнімаліся на конкурсны п’едэстал, нярэдка станавіліся прызёрамі і пераможцамі рэспубліканскай алімпіяды.

–Былы дырэктар Лідскай школы мастацтваў нават казаў жартам, што трэба разабраць мост у Беліцы, каб дзятлаўскія ўдзельнікі не даехалі на конкурс, – з усмешкай узналвае Святлана Уладзіміраўна.

Дзякуючы таленавітым вучням, па ўсёй Беларусі і за яе межамі даведваліся пра невялікі горад Дзятлава.

Музычная сям’я

У сям’і Мазыркаў усё прасякнута музыкай. Натуральна, у такім асяроддзі гадаваліся таленавітыя да музыкі дзеці. Дачка Святланы Уладзіміраўны і Дзмітрыя Іванавіча Аксана сёння працуе ў Лідскім музычным каледжы.

– Я была ўражана яе здольнасцямі да музыкі, – кажа жанчына. – У раннім дзяцінстве, калі я спявала дачушцы песню ў міноры, яна пачынала плакаць, калі ў мажоры – усміхалася.

Калі дзяўчынка ўжо хадзіла ў школу, у Дзятлава прыязджалі для праслухоўвання прадстаўнікі рэспубліканскай Акадэміі музыкі. Праслухаўшы Аксану, яны праванавалі бацькам прывезці яе на экзамен, куды

дзяўчынку адвёз Дзмітрый Іванавіч. На той час сям’я чакала прыбаўлення, хутка павінна была нарадзіцца малодшая дачка Наташа.

– Яшчэ не даведаўшыся нават вынікаў экзамену, мая дзяўчынка расплакалася ў Мінску “вы мяне хочаце пакінуць тут, таму што ў вас хутка будзе іншае дзіця”, – успамінае Святлана Мазырка. – Гэта так уразіла нас, што вырашылі адназначына: які б ні быў вынік, вяртаемся дадому.

Тры гады запар пасля таго сям’я атрымлівала паведамленне пра тое, што іх дзіця залічана ў навучальную ўстанову. Аксана не пакінула музыку, паступіла ў Дзятлаўскую школу мастацтваў, атрымала прафесійную адукацыю і сёння выкладае таксама музычна-тэарэтычныя прадметы.

Малодшая дачка Наташа вучылася іграць на скрыпцы ў таленавітага педагога Аксаны Шэінай. Цікава, што першы год дзяўчынка займалася адразу на двух інструментах – фартэпіяна і скрыпцы.

– Я прапанавала дачушцы за год самой выбраць, на якім інструменце іграць, і яна выбрала скрыпку.

Наталля закончыда музычную школу, але выбрала сваю сцяжыну. Выдатны музычны слух ёй спатрэбіўся для вывучэння замежных моваў, яна стала перакладчыкам. Наталля жыве ў Вялікабрытаніі, працуе па спецыяльнасці, а яе дачка… іграе на скрыпцы.

Музыка ніколі не пакідала сям’ю Мазыркаў. Яна дапамагала знайсці сілы ў складаныя моманты жыцця, пасябраваць з суседзямі і добрымі знаёмымі, якіх было багата ў творчай пары. Музыка была працай і справай жыцця. Мінуў толькі год, як Святлана Уладзіміраўна не працуе ў школе мастацтваў, ды з песняй не расстаецца. Сёння яна спявае на хорах у храме ў Накрышках разам з такімі самымі натхнёнымі і нераўнадушнымі людзьмі.

Наталля АВЯРЧУК
Фота аўтара
Фота з архіва рэдакцыі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup

Похожие публикации