Пазнаёміліся ў Гаранях, служаць у Дзятлаве

Шанц быць разам у прафесіі і жыцці выпадае не кожнаму, але ёсць прыемныя выключэнні.

У Дзятлаўскім аддзеле Дэпартамента аховы служыць нямала годных супрацоўнікаў, здольных вынікова рашаць пастаўленыя задачы, сярод іх – сямейная пара Сяргея і Алены Шыпілаў, для якіх выбар міліцэйскай прафесіі паспрыяў яшчэ і асабістаму шчасцю. Будучыя маладыя спецыялісты аховы – выхадцы з розных рэгіёнаў Беларусі. Яны пазнаёміліся на падрыхтоўчых курсах у каледжы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, які знаходзіцца ў пасёлку Гарані.

Сяргей Валер’евіч – наш зямляк, ураджэнец аграгарадка Хвінявічы. Скончыў Жыровіцкі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж, адслужыў тэрміновую службу ў арміі. Калі юнак вярнуўся на малую радзіму, то вырашыў, што далейшая яго прафесія таксама павінна быць звязана са службай, але ўжо ў Дзятлаўскім аддзеле Дэпартамента аховы, адкуль і быў накіраваны на падрыхтоўчыя курсы.

Алена Дзмітрыеўна родам з Гомельшчыны, горада Рэчыцы. Дзяўчына са школьных гадоў марыла працаваць у міліцыі, як яе дзядуля. Пасля заканчэння адзінаццаці класаў паступала ў Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь, але не атрымалася: дзяўчатам значна складаней стаць курсантамі, чым юнакам. З марай сваёй Алена не развіталася, тым больш што ў родным горадзе ёй прапанавалі дастойную альтэрнатыву – стаць супрацоўніцай Рэчыцкага аддзела Дэпартамента аховы. Перад заступленнем на службу накіравалі на курсы ў Гарані.

Менавіта ў падрыхтоўчым цэнтры маладыя людзі, якія былі залічаны ў адну групу, пасябравалі, а праз некаторы час адчулі ўзаемнае прыцягненне. З сям’ёй Сяргея Алена пазнаёмілася яшчэ ў час вучобы: на Дзятлаўшчыну ездзілі гасцяваць на выхадныя. Пасля заканчэння курсаў наш зямляк, якому далі водпуск, таксама накіраваўся ў Рэчыцу знаёміцца з сям’ёй сваёй абранніцы. Потым амаль паўгода маладыя супрацоўнікі служылі кожны ў сваім аддзеле, аднак і на адлегласці не забывалі адзін аднаго. Перавесціся ў Дзятлава Алене Дзмітрыеўне ўдалося толькі ў верасні 2025 года пасля заключэння шлюбу, затое цяпер сямейная пара разам і шчаслівая. На Дзятлаўшчыне новую супрацоўніцу цёпла сустрэў калектыў, спадабаліся ёй раён і горад. Дзятлава дзяўчына лічыць прыгожым, спакойным, утульным, прывабным, хоць райцэнтр значна меншы за родную Рэчыцу. Аб пераездзе не шкадуе, бо працуе на любімай рабоце, побач – каханы муж.

Сяргей Валер’евіч – міліцыянер-вадзіцель групы затрымання, сяржант міліцыі, яго працоўныя будні праходзяць пераважна за рулём. Алена Дмітрыеўна – міліцыянер узвода міліцыі, малодшы сяржант, яе працоўнае месца – пост аховы ў аддзяленні Белаграпрамбанка ў Дзятлаве. Дзяжураць маладыя спецыялісты паасобку, выконваючы кожны свае службовыя задачы, затое на работу і дахаты – толькі разам. Дома абавязкі не дзеляць, хто менш стаміўся, той можа прыгатаваць вячэру. Напружанасць ад складанага працоўнага дня забываюць за сумеснымі размовамі, тым больш што ў кожнага ёсць пачуццё гумару. У вольны час, хоць бывае ён рэдка, стараюцца пабываць у цікавых мясцінах, некалькі месяцаў таму ездзілі ў Санкт-Пецярбург, у наступным годзе мараць пра яшчэ адно падарожжа за межы Беларусі.

Таксама сярод мараў маладой сям’і – атрымаць арэнднае жыллё: яны ўжо сталі на чаргу па паляпшэнні жыллёвых умоваў. У больш аддаленай перспектыве, безумоўна, дзеці і дамашняя ўтульнасць.

Аб выбары прафесіі муж і жонка не шкадуюць: нягледзячы на недахоп свабоднага часу, службай яны задаволены і збіраюцца прысвяціць ёй бліжэйшыя гады жыцця. Алена Дзмітрыеўна хоча паступаць на завочнае аддзяленне, каб атрымаць юрыдычную спецыяльнасць і далей рухацца па кар’ернай лесвіцы.

У жыцці сямейнай пары, нягледзячы на строгасць прафесіі, заўжды ёсць месца рамантыцы. Гэта і сумесныя прагулкі, і прагляд кінастужак, а калі выпадае магчымасць – нават агульныя службовыя троніроўкі па фізічнай падрыхтоўцы. Падобнае яшчэ больш аб’ядноўвае. А што яшчэ трэба для шчасця маладой сям’і? Па меркаванні Шыпілаў, абавязкова неабходны стабільная работа, пастаянны даход, уласнае асобнае жыллё, утульнасць, а галоўнае – каханне і ўзаемаразуменне. Іншым сем’ям раёна яны таксама жадаюць трымацца адзін за аднаго, ніколі не здавацца, ісці наперад да запаветных мараў. Адрасавалі Сяргей Валер’евіч і Алена Дзмітрыеўна пажаданні і сваім саслужыўцам: нягледзячы на шматзадачныя прафесійныя будні, заўжды заставацца на пазітыве, а яшчэ класічнае – зорачак на пагоны.     

Прафесія праваахоўніка пачэсная і цікавая. У Дзятлаўскім аддзеле Дэпартамента аховы і сёння чакаюць юнакоў ад 18 да 28 гадоў з высокімі маральна-дзелавымі якасцямі, здольных стаць на абарону грамадства і дзяржавы ад злачынных і іншых супрацьпраўных замахаў. Кандыдаты не павінны мець судзімасці і прыцягненняў да адміністрацыйнай адказнасці па пэўных артыкулах. Жадаючых звязаць свой лёс са службай пад знакам савы чакаюць зладжаны, дружны калектыў, магчымасці кар’ернага росту, дастойнае грашовае забеспячэнне, шэраг ільгот і гарантый. Па больш падрабязную інфармацыю аб паступленні на службу можна звяртацца па тэлефонах: 3-01-33, 3-01-36, а таксама прыходзіць у аддзел па адрасе: г. Дзятлава, вул. Фогеля, 15.

Ірына СТЫРНІК   

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

administrator

Recent Posts

Дзятлаўшчына стане тэмай першага выпуска новага тэлепраекта

Дзятлаўскі раён стане першым у цыкле тэлеперадач тэлеканала “ВоенТВ” з рабочай назвай “У добры шлях”,…

9 часов ago

Адзін дзень са студатрадам

Практыка ў раённай газеце – гэта новыя эмоцыі штодня. За два тыдні мне прыйшлося паспрабаваць…

9 часов ago

Карыстайцеся інтэрактыўнай картай “аднаго акна”

Для ажыццяўлення агульнай каардынацыі дзейнасці дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, службы “адно акно” Міністэрствам юстыцыі распрацавана…

10 часов ago

Пытанне – адказ. Якія лішкі з агарода можна здаць у нарыхтоўку?

Дзятлаўчане цікавяцца: ці прымае сёлета Дзятлаўскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства сезонную прадукцыю ад фізічных асоб і…

11 часов ago

Праект “#Місія 101: той, кім я ганаруся”. Данііл Вяргун: “Работа з настаўнікам – гэта поўнае пагружэнне”

Ратаўнікі Беларусі – сапраўдныя прафесіяналы, мужныя, валявыя, рашучыя, адказныя. Яны супрацьстаяць стыхіі, абараняюць жыццё і…

12 часов ago

Урожайность зерновых превышает прошлогоднюю по всем областям

Урожайность зерновых превышает прошлогоднюю по всем областям страны, сообщили в пресс-службе Министерства сельского хозяйства и…

14 часов ago