Павялічваць у Беларусі пенсійны ўзрост у 2016 годзе не будуць. Аб гэтым паведаміла сёння журналістам намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Ларыса Яшкова, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
“Гаварыць аб тым, што ў 2016 годзе адназначна будзе прынята гэта рашэнне (павышэнне пенсійнага ўзросту. – Заўвага БЕЛТА), рана”, – сказала Ларыса Яшкова. Разам з тым яна адзначыла, што з часам гэта пытанне будзе ўзнімацца.
Прадстаўнік профільнага ведамства падкрэсліла, што пытанне пенсійнага ўзросту як ніколі востра стаіць у апошнія гады, яно дыскусійнае. Паводле яе слоў, на постсавецкай прасторы засталося тры дзяржавы з нізкім (“савецкім”) пенсійным узростам – для мужчын – 60 гадоў, жанчын – 55 гадоў – гэта Беларусь, Расія і Узбекістан. “Разам з тым, многае за мінулы перыяд змянілася. Вырасла і прадаўжае расці працягласць жыцця. Сёння пенсійны ўзрост не той, які не дазваляе чалавеку працаваць”, – заўважыла Ларыса Яшкова. Паводле яе даных, 25 працэнтаў беларускіх пенсіянераў прадаўжаюць працаваць. “З дэмаграфічнай сітуацыяй змяняецца і рынак працы. У Беларусі 27 працэнтаў насельніцтва – гэта пенсіянеры. Паводле ацэнкі, да 2020 года пенсіянераў будзе 29 працэнтаў”, – інфармавала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння.
У органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне пенсійнымі выплатамі забяспечваюцца больш як 2,5 млн чалавек, з іх больш як 80 працэнтаў – гэта пенсіянеры па ўзросце.