У другую нядзелю мая ў нашай краіне адзначаецца Дзень Дзяржаўнага герба, Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.
Напярэдадні свята аматары здаровага ладу жыцця – прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна, грамадскіх аб’яднанняў, моладзь і школьнікі – прынялі ўдзел у патрыятычным велапрабегу.





Старт акцыі быў дадзены каля помніка Іосіфу Філідовічу, дзе інструктар-метадыст па турызме Дзятлаўскага ФСК Алена Абрамчык нагадала прысутным аб подзвігу ліпічанскага Сусаніна.












Веласіпедысты ўсклалі кветкі да манумента герою.







У суправаджэнні супрацоўнікаў ДАІ калона, адзначаная колерамі дзяржаўнай сімволікі, адправілася па вуліцах Дзятлава. Велапрабег завяршыўся на знакавым для дзятлаўчан месцы – каля помніка Героям Савецкага Саюза Яну Фогелю і Паўлу Пятрову.

Настаўніца сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава Наталля Белаус прымала ўдзел у велапрабегу разам са сваімі навучэнцамі. Яна падзялілася меркаваннем аб мерапрыемстве:

– Мы далучыліся да патрыятычнага велапрабегу ў межах абласной акцыі “Сімвалы міру і стварэння”. Такім чынам ушаноўваем памяць нашых дзядоў, прадзедаў, бацькоў, якія ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай вайны за нашу мірную будучыню, вызвалялі наш край ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Разам з тым выказваем даніну павагі да дзяржаўных сімвалаў нашай маладой квітнеючай суверэннай дзяржавы. Сумесны ўдзел з дзецьмі ў велапрабегу – добрая магчымасць далучыць школьнікаў да мерапрыемстваў па грамадзянска-патрыятычным выхаванні. Мяне радуе той факт, што з гэтага года свята прысвечана не толькі Дзяржаўным гербу і сцягу, але і гімну Рэспублікі Беларусь, у якім сканцэнтраваны вопыт, характар беларускага народа і сувязь пакаленняў.











Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga