З ініцыятывы Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі адбылося пасяджэнне штаба патрыятычных сіл Рэспублікі Беларусь, куды ўвайшлі лідары патрыятычных партый і грамадскіх аб’яднанняў нашай краіны.

Сустрэча была скіравана на кансалідацыю грамадскасці па зборы сродкаў на стварэнне Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі ў Брэсцкай крэпасці на базе Кобрынскага ўмацавання. Ініцыятыва стварэння патрыятычнай адукацыйнай установы ў знакавым гістарычным месцы падтрымана Прэзідэнтам Беларусі.

Як расказала першы сакратар Дзятлаўскага раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, да праекта далучыліся і рэгіёны. Для збору сродкаў і прыцягнення інвестыцый Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі створаны відэаролік і лістоўка з QR-кодам “Пабудуем патрыятычны цэнтр разам!”. Героямі відэа сталі Уладзімір Сёмачкін – старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускай асацыяцыі былых непаўналетніх вязняў фашызму, ветэран Узброеных Сіл Беларусі, сын удзельніка абароны Брэсцкай крэпасці – палітрука Ільі Сёмачкіна, расстралянага ворагамі ў чэрвені 1941 года, а таксама беларуская моладзь, нашчадкі абаронцаў крэпасці і камандзір студэнцкага будаўнічага атрада “Спадчына” Сямён Люльковіч.

– Вельмі важна, калі патрыятычную ініцыятыву падтрымліваюць не толькі асобныя грамадскія аб’яднанні ці людзі, а ўся беларуская грамадскасць, бо моладзевы патрыятычны цэнтр – гэта своеасаблівы стратэгічны ўклад у стварэнне будучыні нашай краіны, – адзначыла Кацярына Хілімончык.

Далучыцца да моладзевай ініцыятывы можа кожны – дастаткова прайсці па QR-кодзе.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации