Калі ў навінах мільгаюць трагічныя зводкі, людзі стараюцца пераключыць канал. Страшна? Балюча? Найчасцей гледачы проста стараюцца не думаць аб праблеме, адносяць суіцыд да катэгорыі “чужых трагедый” або “псіхіятрычных дыягназаў”.
Як псіхолаг са шматгадовай практыкай я бачу іншую карціну: суіцыд – гэта не пра апантанасць, а пра невыносны душэўны боль, дзе чалавек не бачыць іншага шляху пазбаўлення ад яго.
Міфы, якія перашкаджаюць ратаваць
Першы і самы небяспечны: “Калі чалавек гаворыць пра самагубства, ён проста чакае ўвагі”. Гэта не так: у пераважнай большасці выпадкаў размовы аб нежаданні жыць – як крык аб дапамозе і апошняя спроба быць пачутым. Ігнараванне падобных прызнанняў не дысцыплінуе, а пацвярджае горшыя страхі: “Я нікому не патрэбны, мой боль не важны”.
Міф другі: “Самагубства адбываецца нечакана, без папярэджання”. На самой справе ў 80 % выпадкаў “трывожныя званочкі” здараюцца. Рэзкая змена паводзінаў, замкнёнасць, раздача даўгоў і рэчаў, фразы накшталт “вам будзе лепш без мяне” – не проста дрэнны настрой. Гэты сімптомы блізкай катастрофы.
Хто ў зоне рызыкі?
Суіцыдальныя паводзіны не залежаць ад сацыяльнага статусу ці ўзроўню даходаў. У групе рызыкі могуць аказацца:
- падлеткі з-за гарманальнай перабудовы і максімалізму, для якіх любая няўдача (сварка з бацькамі, нераздзеленае каханне, булінг у школе) успрымаюцца як канец свету;
- людзі ў крызісе (страта блізкага чалавека, развод, звальненне, фінансавыя страты), у якіх разбураецца звыклая карціна свету;
- адзінокія людзі (адсутнасць эмацыянальнай сувязі ў ліку галоўных фактараў рызыкі), якім здаецца, што яны засталіся адзін на адзін са сваім болем.
Што рабіць, калі заўважылі прыкметы бяды?
Як псіхолаг часта чую: “Я баяўся сказаць штосьці не тое і пагоршыць сітуацыю”. Запомніце: маўчанне намнога страшней.
У такіх выпадках:
- спытайце прама, не бойцеся: “Ты думаеш пра тое, каб нанесці сабе шкоду?”. Даследаванні сведчаць, што прамое пытанне не падштурхоўвае да суіцыду, а наадварот дае чалавеку магчымасць выгаварыцца;
- слухайце без асуджэння, не выкарыстоўвайце фразы: “Ды ў цябе ўсё добра, не выдумвай, падумай пра блізкіх”. У момант вострага крызісу чалавек не здольны мысліць лагічна, таму задача не пераканаць, а проста быць побач і слухаць;
- не пакідайце аднаго: калі пагроза рэальная, гэтага нельга рабіць ні на хвіліну. Яшчэ трэба хаваць небяспечныя рэчы, лекі, зброю;
- звяртайцеся да спецыяліста – псіхіятра, псіхатэрапеўта. Гэта адзіны шлях да выратавання.
Жыхары Дзятлаўскага раёна ў экстраннай сітуацыі могуць званіць на нумар 8-044-5644898, каб атрымаць псіхалагічную падтрымку.
Суіцыд – гэта не слабасць і не грэх. Гэта хвароба, выкліканая абставінамі або хіміяй мозга, і ў яе ёсць лячэнне.
Калі вы цяпер адчуваеце, што боль стаў невыносным – спыніцеся, дайце сабе шанц. Звярніцеся на гарачую лінію ці пагаварыце з тым, каму давяраеце.
Беражыце сябе і будзьце ўважлівыя да тых, хто побач. Здараецца, што адно своечасовае слова можа ўратаваць жыццё.
Алена МАКОЎСКАЯ,
псіхолаг Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga