Вада з жукоўшчынскай крынічкі прыдатная для піцця – так адзначыў “Слонімскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі”.
Яшчэ ў верасні былі ўзяты пробы крынічнай вады на адпаведнасць патрабаванням санітарных нормаў і правілаў. Аналізы рабілі ў санітарана-гігіенічнай лабараторыі Слонімскага занальнага ЦГЭ ў парадку дзяржаўнага санітарнага кантролю. Галоўнай мэтай такіх выпрабаванняў стала вызначэнне: ці можна бязбоязна для свайго здароўя піць крынічную ваду. Для гэтага крынічную ваду праверылі на колькасць утрымання ў ёй нітратаў, аміяку і іонаў амонію. Па норме ў вадзе можа ўтрымлівацца 45,0 мг/дм? нітратаў, а ў крынічнай вадзе гэты паказчык паніжаны і складае 30,5 мг/дм?. А паказчык аміяку і іонаў амонію паніжаны ад нормы ў 2,0 мг/дм? больш чым у паўтара раза і складае 0,33 мг/дм?. У адпаведнасці з лабараторнымі даследаваннямі мы бачым, што крынічная вада адпавядае ўсім патрабаванням санітарных нормаў і правілаў і прыдатная ў якасці пітной вады. А ад сябе дадам, што гэта вада не толькі крыштальна чыстая, але і незвычайна смачная.
“КРЫНІЧАНЦЫ” ПАТРУЛЮЮЦЬ
Жукоўшчынская крынічка і ў спякотны дзень, і ў траскучы мароз частуе гасцей сваёй чыстай смачнай вадой. А ў выпускнікоў Жукоўшчынскай сярэдняй школы ёсць асаблівая традыцыя – у дзень апошняга званка яны прыходзяць да крынічкі, каб пакінуць ёй свае мары. Вось ужо на працягу многіх гадоў крынічка з’яўляецца своеасаблівым сімвалам школы.
На пачатку 90-ых гадоў на базе школы была арганізавана піянерская арганізацыя “Крынічанцы”, якая існуе і па сёння. Дзеці рэалізуюць сацыяльна-значны праект “Крынічка”, у межах якога створаны экалагічны патруль “Жыві, крынічка!”. Яго асноўная мэта – не толькі чысціня і парадак вакол крынічкі, але і яе ахова, каб зберагчы гэты экалагічны помнік для сваіх нашчадкаў. Адчуваючы адказнасць за такую справу, вучні не дазваляюць сваёй душы ленавацца. А каля крынічкі заўсёды хапае работы. Восенню трэба ўбраць апалае лісце, а зімой – ачысціць ад снегу, каб жыхары і госці Жукоўшчыны змаглі аздаравіцца і атрымаць асалоду ад крыштальна смачнай вадзіцы.
Адзін раз на месяц, у час суботніка, крынічанцы ідуць у экалагічны патруль і добраўпарадкоўваюць крынічку. Сёлета за чысціню ля яе адказваюць шасцёра дзевяцікласнікаў Жукоўшчынскай сярэдняй школы.
Гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі ў школе атрымліваюць не толькі базавую адукацыю, але і экалагічнае выхаванне.
І калі з самага дзяцінства мы будзем прывіваць нашым дзецям любоў і клопат да прыроды, то ў будучыні гэтыя рысы характару дадуць свой плён: яны з дабратой і цеплынёй будуць адносіцца да іншых людзей.
Л. СУР’ЯНІНАВА